Права на верш: ключ да паэзіі Алеся Казекі


Права на верш: ключ да паэзіі Алеся Казекі

03.03.2021                                  Литературная критика


На ўсё трэба мець права, апроч хіба што так званых правоў «прыроджаных», якія дастаюцца чалавеку з нараджэннем. Права на верш даюць талент і жыццёвы досвед. У Алеся Казекі ёсць адно і другое. Ключ да яго паэзіі − у яго асабістых жыццёвых вытоках, да якіх ён часта звяртаецца ў сваіх вершах.

 

         Мінаюць хутка леты, зімы…

         Як проста, дружа, зразумець:

         Няма радней сваёй Радзімы

         На тым стаіць зямная цвердзь.

 

         Няма мілей старэнькай хаты

         У роднай вёсцы, ля ракі

         І толькі гэтым мы багаты

         Ва ўсе часы, ва ўсе вякі

 

Паэтам яго зрабіла жыццё, уласная біяграфія. Нарадзіўся Алесь Казека 4 жніўня 1958 г. у вёсцы Новы Юзін Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці, а неўзабаве сям’я пераехала ў суседні Быхаўскі раён, у вёску Чачэвічы, што раскінулася ўздоўж берага прыгажуні Друці — раскошнай ракі з маляўнічымі краявідамі. Тут, на ўлонні прыроды, прайшлі дзяцінства, падлеткавыя і юнацкія гады Алеся Казекі. Пасля сярэдняй школы ён выбраў дарогу вайскоўца, паступіў і ў 1980 г. скончыў Арлоўскае вышэйшае ваеннае вучылішча. Служыў у розных месцах — у Арле, Уладзівастоку, Бранску і інш. Пасля выхаду ў адстаўку вярнуўся ў родныя Чачэвічы, працаваў настаўнікам у школе. Вершы ён спрабаваў сачыняць здаўна, але тут, дома, паэтычныя здольнасці абудзіліся па-сапраўднаму, у лёс А.Казекі ўвайшла паэзія. Цяпер ён аўтар многіх паэтычных твораў, некалькіх зборнікаў. Вы, паважаны чытач, трымаеце ў руках кнігу выбраных яго вершаў, песенных тэкстаў і паэм.

Яго паэзія − лірыка-апавядальнага характару, яна нясе ў сабе пэўны і значны чалавечы змест, падкупляе яснасцю і прастатой − у рытмічным малюнку і ў вобразах. Прыкметнай асаблівасцю яго лірыкі з’яўляецца тое, што яна спалучае чыста апісальныя моманты (пейзажы, успаміны пра мінулае, пра дзяцінства, бацькоў і дзядоў і да т.п.) з раскрыццём унутранага свету чалавека, яго пачуццямі і перажываннямі, радасцямі і нягодамі. Літатаратурнага інстытута ён не заканчваў, яго паэзія перш за ўсё ад сэрца, а потым ужо ад умельства і ад майстэрства. 

 

         Бачыш? Сонца ўстае, асвятляе твой дом.

         Чуеш? Поўняцца спевам крыніцы.

         Прачынайся, мой дружа!

         Ты гэтым святлом

         Удастоены ў свеце зявіцца.

 

З чаго нараджаюцца вершы? Найперш з пачуцця здзіўлення прыгажосцю свету, з адчування, што чалавечае жыццё − гэта шчасце, вялікі дарунак лёсу! Здольнасць здзіўляцца − галоўная дабрачыннасць паэта, але гэтым справа не заканчваецца, а толькі, можна сказаць, пачынаецца. Паэзія не можа задаволіцца абаяннем непасрэднасці. За эмпірычным засваеннем новых з’яў узнікаюць новыя далягляды − імкненне паэтаў спасцігнуць сутнасць таго, што адбываецца, сутнасць сучасных канфліктаў. Роздум, аналіз, развага − усё гэта ў значнай меры вызначае падыход сучасных паэтаў да рэчаіснасці, ад якіх патрабуецца рэалістычная ўчэпістасць, сацыяльна-псіхалагічная і маральная зоркасць.

Паэзія А.Казекі істотная па сэнсу, насычана псіхалагічна і выразная па форме. Некаторыя паэты робяць упор на яркую, «выпуклую» вобразнасць. У яго ж яна выглядае дастаткова сціпла, «неэфектна», але затое праўдзіва: аўтар адчувае сваё права на выказванне вельмі асабістых пачуццяў, упэўнены ў іх каштоўнасці, у тым, што яны не супярэчаць яго імкненню «гаварыць з небам».

Магілёўшчына дала Беларусі вялікага паэта Аркадзя Куляшова і таленавітага Аляксея Пысіна. Алесь Казека ідзе іхнім шляхам, але апроч традыцый гэтых папярэднікаў яго яшчэ і натхняе вера ў Бога. Так, перад намі веруючы чалавек, які моцна спадзяецца на Бога, на яго дапамогу. Гэтыя два пачаткі, дзве тэмы − Радзіма і Бог − зліваюцца ў адным светаадчуванні і жывяць.

 

         Сінявокі бязмежны разлог,

         Жураўлі ды святыя крыніцы.

         Я бясконца заўдзячны, што Бог

         Тут дазволіў і мне нарадзіцца.

 

Паэзія не можа не гаварыць пра адвечнае: радзіма, зямля, хлеб, Бог, праўда, вернасць, сумленне − яе ўсё цікавіць. Наша паэзія спрадвеку маральна і сацыяльна ангажаваная − без гэтага яна не ўяўляе свайго прызвання. Людзі з болем задумваюцца над станам сучаснага свету, над узаемасувяззю вынікаў і прычын, скаладанасцю і шматмернасцю чалавечага вопыту. На «мяжы» часоў, сёння гэта асабліва адчуваецца, незвычайна востра паўстае пытанне аб захаванні і ўмацаванні духоўных і маральных каштоўнасцей чалавека − чалавечай годнасці, дабраты, сумленнасці, павагі і г.д. Сучаснасць ускладнілася ў самой сваёй жыццёвай сутнасці, чалавецтва апынулася перад праблемай захавання навакольнага асяроддзя, зберажэння гістарычнай памяці і ўсіх каштоўнасцей, створаных народамі і ўрэшце перад пагрозаю міру ў свеце.

З гэтай праблематыкай звязаныя паэмы А.Казекі і тое, што ён называе «паэтычнымі апавяданнямі», ліра-эпічнымі паводле сваёй жанравай асновы.

Заслугоўваюць увагі паэмы «Медуніца» і «Шлях», вершаваныя аповяды «Час сяўбы» і «Радоўка», нягледзячы на тое, што месцамі замілаванасць да роднага, людзей, сваякоў і родзічаў, іх жыцця і побыту, пераходзіць у ідэалізацыю, у падпарадкаванне фальклорным формам.  Важная аднак пры гэтым шчырасць аўтара, тое, што менавіта гэтак ён, абабіты жыццём чалавек,  глядзіць на рэчы, успрымае навакольны свет.

Асабняком стаіць паэма «Марыйка», прысвечаная трагедыі спаленых фашыстамі беларускіх вёсак у час Вялікай Айчыннай вайны. Свядомасць тых, хто ацалеў, была траўміравана перажытым. Траўма перадалася і нашчадкам. Узрушаны паэт узнаўляе тыя трагічныя падзеі.

 

         Хоць не быў я на гэтай вайне,

         Не гарэў, скатаваны, у хаце,

         Ды, відаць, гэты боль да мяне

         З малаком перадаўся ад маці.

 

Паэма «Марыйка» дакументальная ў сваёй аснове і ва ўсіх падрабязнасцях. Тое, пра што ідзе гаворка, адбылося з вёскай Боркі ў Кіраўскім раёне на Магілёўшчыне 15 чэрвеня 1942 г. Гэта абсалютная праўда, тут няма нічога прыдуманага. Распавядаючы пра крывавую трагедыю, перадавяраючы яе тэксту, аўтар імкнецца пераадолець траўму, якая карэннямі сваімі ідзе ў глыбіню пражытага і перажытага.

Выдатны рускі паэт М.Забалоцкі пісаў: «Паэт працуе ўсёй сваёй істотаю адначасова: розумам, сэрцам, душою, мускуламі. Ён працуе ўсім арганізмам, і чым больш узгодненай будзе гэтая праца, тым вышэй будзе яе якасць». Гэта можна аднесці да паэмы «Марыйка», у стварэнне якой А.Казека ўклаў шмат душэўных сіл і намаганняў.

У паэмах А.Казекі жыве народная свядомасць, яна ў слове, у мове, у паэтыцы. Лірыка-апавядальная паэтыка прадстаўляе паэту значныя магчымасці эстэтычнага пазнання і асваення навакольнага свету. Зрэшты, у гэтым і заключаецца спрадвечная задача паэзіі − ператварыць звычайныя асабістыя ўражанні ў штосьці універсальнае, надасабовае.  З гэтых пазіцый у «Марыйцы» і падаецца вобраз ката-прыхадня, які без разваг і хістанняў замахваецца на чужое жыццё. 

        

         Ты прыйшоў, каб забраць нашы жыцці?

         Што, табе не хапае свайго?

         Мо цябе нарадзіла ваўчыца

         Ад дыхання паганскіх багоў?

 

         І пагэтаму ты ў неспакоі,

         І душа твая прагне крыві,

         Каб спатоліцца гэтым напоем

         І падоўжыць свой век на зямлі?

         ………………………………………

 

         Не, не воўк ты, па простай прыкмеце:

         З іх ніколі ніхто ў барацьбе,

         Хоць жывуць і ў бязлітасным свеце,

         Не знішчае падобных сабе.

 

Каштоўная рыса паэтычнага характару А.Казекі − вера ў лепшае, мужнасць, воля, стойкасць. У яго няма адчування жыццёвага тупіка, безвыхаднасці і адчаю, але ён не цешыць сябе і ілюзіямі. Ён верыць у паэзію, а паэзія − вечны пошук.

Хачу пажадаць яму ўдачы.

Уладзімір ГНІЛАМЁДАЎ