Тэлемост літаратурнага сяброўства


Міжнародны літаратурны тэлемост, прымеркаваны да Сусветнага дня паэзіі, адбыўся ў Брэсце

29.03.2021                                                          Новости


Сяброўства не ведае межаў. Сведчаннем таму, што існуе яно, цёплае і моцнае, і паміж людзьмі творчымі, стаў Міжнародны літаратурны тэлемост, прымеркаваны да Сусветнага дня паэзіі, які арганізавалі супрацоўнікі Брэсцкай гарадской бібліятэкі імя А.С. Пушкіна.

Вядучая паэтычнага марафону Святлана Гарадзецкая гасцінна прывітала ўсіх краін-удзельніц і перш-наперш расказала ім пра гісторыю ўзнікнення паэтычнага свята, якое шырока адзначаецца ва ўсім свеце.

Да віншаванняў вядучай са сваімі цёплымі словамі далучыліся старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Дземідовіч, паэты Любоў Красеўская, Георгій Тамашэвіч, Вера Вакула, Анастасія Сміліна, Ала Даніленка і Віктар Рэчыц з Івацэвіч. А супрацоўнікі сельскіх бібліятэк Івацэвіцкага, Жабінкаўскага, Кобрынскага, Пінскага, Баранавіцкага раёнаў парадавалі слухачоў прачулымі радкамі з творчасці беларускіх класікаў і сваімі вершамі.

З сонечнага Батумі на сувязь выйшла дырэктар публічнай бібліятэкі імя Акакі Цэрэтэлі спадарыня Тэона Берыдзэ. Цёпла і ўрачыста прагучалі вершы на казахскай мове, прачытаныя прадстаўнікамі з Усць-Каменагорска. А юны Срахіня Савіч з Сербіі дэкламаваў верш Душана Радовіча аб блакітным зайцы, які ўмее ўсё, нават гаварыць па-французску.

Феерычным прадстаўленнем, яркімі нацыянальнымі касцюмамі ўразілі ўдзельнікаў тэлемаста паэты і музыканты з Нефцеюганска.

А ў фінале да ўдзельнікаў сустрэчы далучыўся спадар Жыльбер Домзель з Марсэля.

Дыялог атрымаўся, а гэта азначае, што паэзія здольна збліжаць самых розных людзей, настройваць іх на агульную хвалю. Сяброўству быць!

P. S. Напрыканцы сустрэчы старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Дземідовіч уручыла паэтам Анастасіі Смілінай і Веры Вакуле членскія білеты творчай суполкі.

Прэс-служба Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ