“Музыка слова – музыка душы” – літаратурна-паэтычны вечар з удзелам маладых пісьменнікаў Андрэя Сідарэйкі і Кацярыны Стройлавай у літаратурным клубе “Шчырасць”


Літаратурна-паэтычны вечар з удзелам Андрэя Сідарэйкі і Кацярыны Стройлавай прайшоў у літаратурным клубе “Шчырасць”

01.04.2021                                                          Новости


У літаратурным клубе МГА СПБ «Шчырасць» пры сталічнай публічнай бібліятэцы №22 адбыўся літаратурна-паэтычны вечар. Сярод гасцей – сябры творчай суполкі, а таксама чытачы кніжніцы, прыхільнікі прыгожага пісьменства.

Прадставіў маладых і таленавітых аўтараў кіраўнік клуба, паэт, празаік, перакладчык, крытык, мовазнаўца, публіцыст, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў.

Андрэй Сідарэйка нарадзіўся ў 1985 годзе ў вёсцы Каравацічы Рэчыцкага раёна. Завочна скончыў Інстытут журналістыкі БДУ. Выступае з прозай у дзяржаўных выданнях. Першая гумарыстычная кніга – «Жонка на гадзіну» – пабачыла свет у выдавецтве «Чатыры чвэрці», дзе ў 2014 годзе была заснавана серыя «Несур’ёзна пра сур’ёзнае», якая аб’яднала аўтараў, шчодрых на добры настрой.

Другая кніга апавяданняў «Вальс чырвоных гронак рабін» выйшла ў выдавецтве «Колорград». Выданне стала магчымым дзякуючы серыі «Мінскія маладыя галасы», якая была заснавана ў 2011 годзе Мінскім гарадскім аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі. Гумарыстычныя і сур’ёзныя творы Андрэя Сідарэйкі змяшчаліся ў часопісах «Вожык» і «Маладосць», газетах «Літаратура і мастацтва» і «Звязда», «Настаўніцкай газеце», зборніку «Скажы, што кахаю» серыі «Вера. Надзея. Любоў», што заснавана выдавецтвам «Мастацкая літаратура». Двойчы станавіўся лаўрэатам конкурсу апавяданняў Выдавецкага дома «Звязда».

Аўтар прадставіў свой зборнік апавяданняў «Здарэнне ў ціхую ноч». Апавяданні ў кнізе заснаваны на рэальных падзеях. У творах аўтар уздымае маральныя праблемы сучаснага грамадства. Жыццё герояў праходзіць праверку рознымі выклікамі часу, экстрэмалынымі сітуацыямі, адносінамі з іншымі людзьмі і навакольным асяроддзем.

Кацярына Стройлава нарадзілася ў 1994 годзе ў г. Мінску. Скончыла Інстытут тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла БДУ; з’яўляецца магістрам гістарычных навук. Цяпер вучыцца ў аспірантуры РІВШ БДУ. Лаўрэат літаратурнай прэміі Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі «Адкрыццё года» за 2016 год у намінацыі «Паэзія». Друкавалася ў газеце «Свет тихий», часопісах «Белая вежа», «Нёман», «Новая Немига Литературная»; альманаху «Времена года», зборніку вершаў «Пад ветразем натхнення». Піша празаічныя і паэтычныя творы, прысвечаныя духоўнай, рэлігійнай, філасофскай, ваеннай, лірычнай тэмам. У аўтара выйшла ў свет шэсць кніг, першая з якіх «Тернистый путь» цалкам прысвечана духоўнай тэматыцы. У ёй сабраны вершы, у якіх гучыць падзяка Богу за любоў і клопат, якую Ён пасылае людзям на працягу ўсяго іх жыццёвага шляху. У другую кнігу «Палитра жизни» ўвайшла аповесць «Сделай свой выбор» і духоўныя вершы, прадстаўленыя рознапланавымі тэмамі: Вялікая Айчынная вайна, эпоха старазапаветных і новазапаветных святых, любоўная лірыка. Усе вершы дадзенага зборніка розныя, але аб’ядноўвае іх вечная і нязменная думка пра Бога. Другая частка зборніка прадстаўлена аповесцю «Сделай свой выбор» і прысвечана апісанню лёса чалавецтва. У 2018 годзе выйшла трэцяя кніга «В Нём наша жизнь». У яе ўвайшлі вершы, напісаныя ў школьныя гады. Зборнік ўяўляе сабой суцэльнае паэтычнае апісанне біблейскіх падзей, пачынаючы са Старазапаветнага перыяду. Закранаецца таксама час зямнога жыцця Ісуса Хрыста і лёсы новазапаветных святых.

Кацярыла прадставіла свой пяты зборнік вершаў «Навстречу любви». Яго назва кажа сама за сябе: «Навстречу любви» - значыць «насустрач Богу», гэта любоў Бога да нас і наша любоў да Бога. Кніга знаёміць чытачоў з жыццём некаторых праваслаўных святых. Магчыма, яны з’яўляюцца нечымі заступнікамі. Тут кожны можа знайсці нешта на свой густ: любоўная лірыка, старазапаветныя і новазапаветныя гісторыі, іконы, ваенная тэматыка, трагедыі, алегорыі, апісанне прыроды і асабістых пачуццяў і інш. Ва ўсіх вершах прысутнічаюць разважанні пра жыццё: для чаго мы прыйшлі ў гэты свет, і якую памяць мы пакінем пасля сябе.

Маладыя аўтары адказвалі на пытанні, жартавалі, дзяліліся творчымі планамі.

Не абышлося і без падарункаў ад супрацоўнікаў бібліятэкі і пастаянных удзельнікаў клуба кіраўніку Міхасю Пазнякову, які не так даўно адзначыў свой сямідзесяці гадовы юбілей.

Каржанеўская А.М., загадчык бібліятэкі     

Фота аўтара