Адбыліся Х Пысінскія чытанні


Адбыліся Х Пысінскія чытанні

06.04.2021                                                          Новости


22 сакавіка споўніўся 101 год Аляксею Васільевічу Пысіну – знакамітаму ўраджэнцу Магілёўшчыны, майстру паэтычнага слова, заслужанаму дзеячу культуры БССР, Лаўрэату Дзяржаўнай прэміі імя Я. Купалы.

Літаратурную кампазіцыю, прысвечаную жыццю і творчасці Аляксея Васільевіча, склалі непарыўна звязаныя паміж сабой часткі, якія распавялі пра жыццё паэта: "Тут гняздо маіх бацькоў, тут душы маёй прапіска", "Франтавыя дарогі А.В. Пысіна", "На ніве журналістыкі", "Вытокі творчасці – сям'я", "Выдатны паэт і грамадзянін".

Малой радзімай Аляксея Пысіна з'яўляецца Краснапольшчына, якая шчодра адарыла паэтычным дарам. У поўную сілу майстэрства творцы Пысіна праявілася ў Магілёве. Тут ён жыў і плённа працаваў на літаратурнай і журналісцкай ніве. Менавіта ў Магілёве, за выключэннем першага зборніка "Наш дзень", напісаў ён усе свае кніжкі. А іх ажно за два дзясяткі! Многія вершы Пысін прысвяціў магіляўчанам, вядомым мясцінам і знакавым падзеям з жыцця горада: "Магілёўскія дзяўчаты", "Любуж", "Магілёўская гаворка", "Першамайская вуліца", "Пячэрскі парк", "Магілёўская шаша".

У салдацкім шынялі А.В. Пысін пракрочыў франтавымі дарогамі ўсю вайну, двойчы быў паранены, узнагароджаны медалём "За Адвагу", які найбольш шанаваўся сярод франтавікоў. Ён знайшоў сваю галоўную тэму ў паэзіі: жыццё салдата на вайне, які абараняе сваю родную зямлю. Амаль у кожным вершы – шчымлівы боль, сум аб загінуўшых таварышах, пачуццё небяспекі і вера ў Перамогу. Яна дапамагала яму перажыць усе складанасці акопнага жыцця, давала сілы перадужаць неймаверныя цяжкасці і выканаць воінскі абавязак на франтах: Заходнім, Калінінскім, Ленінградскім, 1-м і 2-м Прыбалтыйскім.

Акрамя выдатнага паэтычнага таленту А.В. Пысін у дасканаласці валодаў майстэрствам публіцыста і ўвесь час працаваў у дзве змены – пяром паэта і пяром журналіста. Большую частку свайго творчага жыцця Пысін аддаў газеце "Магілёўская праўда". Сваім друкаваным словам ён адгукаўся на ўсе значныя падзеі Магілёва: ці гэта гарадское свята, ці гастролі вядомага тэатра, ці запуск першых тралейбусных ліній. Некалькі артыкулаў прысвяціў адкрыццю новага будынка Магілёўскай абласной бібліятэкі ў 1967 г.

А потым неаднаразова прымаў удзел у літаратурных канферэнцыях і вечарынах, сустрэчах з чытачамі. Паэт пакінуў бібліятэцы на доўгую памяць кнігу "Ёсць на свеце мой алень" з аўтографам, якая зараз беражліва захоўваецца ў Музейным пакоі.

Мастацкі свет, пакінуты нашчадкам Аляксеем Пысіным, такі бязмежны і неабсяжны, што стварыць яго мог толькі чалавек да апошняй крывінкі родны і роўны гэтаму свету, чалавек надзелены светлай душой і чулым сэрцам. Пра вытокі пысінскай паэзіі – сям'ю – паведаміў наступны раздзел.

Паэзія А.В. Пысіна – ўнікальны здабытак нацыянальнай культуры. Яго пяру належыць больш за 20 кніг паэзіі, яго творы ўваходзяць у залатую калекцыю не толькі беларускай, але і сусветнай паэзіі. За зборнік вершаў і паэм "Твае далоні" ў 1968 г. была прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР імя Янкі Купалы.

Акрамя ўсяго Пысін займаўся і вялікай грамадскай дзейнасцю. У 1974-1981 гг. узначальваў у Магілёве абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў БССР.

Ён быў таленавітым настаўнікам маладых пісьменнікаў. Праз пысінскую школу прыгожага беларускага пісьменства прайшлі Анатоль Сербантовіч, Яўген Крупенька, Нэла Тулупава, Віктар Хаўратовіч, Віктар Ракаў, Міхась Стральцоў, Алесь Пісьмянкоў, Уладзімір Дуктаў, Святлана Басуматрава, Валянціна Габрусева, Мікола Леўчанка, Апанас Палітыка, Мікола Падабед, Леанід Левановіч, Ніна Кавалёва, Сяргей Украінка, Раіса Баравікова і іншыя. Некаторыя з іх узняліся аж на вяршыню беларускага Парнаса, а Змітрок Марозаў стаў першапраходцам еўрапейскай паэзіі, калі першым у свеце склаў вянок вянкоў санетаў "Апакаліпсіс душы".

У зале прысутнічаў біёграф Аляксея Васільевіча, магілёўскі пісьменнік і краязнаўца Віктар Іванавіч Арцем'еў, які больш як чвэрць стагоддзя быў блізкім сябрам паэта, разам з ім ладзіў літаратурныя вечарыны. Яму першаму ў Магілёве паэт чытаў яшчэ ў рукапісу кожны новы свой твор. І яны без утайкі давяралі адзін аднаму свае думкі. Таму ўсё напісанае пра паэта шчырае, праўдзівае, цікавае і павучальнае.

В.І. Арцем'еў прадставіў сваю новую кнігу "Народны душою", прысвечаную А.В. Пысіну, якую выдаў да 100-годдзя паэта.

Дырэктар бібліятэкі І.У. Сарокіна ад імя калектыва павіншавала Віктара Іванавіча з яго днём нараджэння, які амаль супадае з днём нараджэння паэта.

Госці Х Пысінскіх чытанняў — студэнты МДУ імя А.А. Куляшова, члены гарадскога савета ветэранаў і чытачы бібліятэкі мелі магчымасць яшчэ раз прайсці паэтавымі сцежкамі.

Старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі" Алесь Мікалаевіч Казека расказаў пра літаратараў Магілёўшчыны, сучасную літаратуру і дзейнасць Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

У мультымедыйнай прэзентацыі выкарыстаны аўдыязапісы вершаў А.В. Пысіна ў выкананні заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Аляксандра Падабеда, артыста Аляксандра Уладамірскага. Вершы чыталі супрацоўнікі бібліятэкі і ваеннаслужачыя в/ч 6713. У пачатку Чытанняў гучала любімая песня А.В. Пысіна "Туман ярам".

Напісанае Аляксеем Пысіным кожным пакаленнем прыхільнікаў мастацкага слова прачытваецца па-новаму, але нікога не пакідае абыякавым, уражвае і захапляе арыгінальнасцю, свежасцю думкі і глыбінёй выказанага пачуцця. Чытайце Аляксея Пысіна!

Прэс-служба Магілёўскага абласнога аддзялення СПБ