Адбылася прэзентацыя новай кнігі члена Віцебскага абласнога аддзялення СПБ Фёдара Палачаніна “Сэрцу не загадаеш”


Адбылася прэзентацыя новай кнігі члена Віцебскага абласнога аддзялення СПБ Фёдара Палачаніна “Сэрцу не загадаеш”

06.04.2021                                                          Новости


У дзяржаўнай установе дадатковай адукацыі “Докшыцкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі” у рамках Года народнага адзінства адбылася прэзентацыя кнігі “Сэрцу не загадаеш” ганаровага члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэата прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Фёдара Палачаніна.

Гэта дваццаць трэцяя кніга нашага знакамітага земляка, якая нядаўна пабачыла свет у выдавецтве “Беларусь”. У выданне ўвайшлі драматычныя творы, якія вызначаюцца свежасцю і актуальнасцю праблем, жыццёвай праўдзівасцю.

Фёдар Палачанін на заслужаным адпачынку, але па-ранейшаму ў творчым неспакоі. Яго вельмі хвалюе той духоўны багаж, з якім будуць крочыць па жыцці беларускія хлопчыкі і дзяўчынкі, моладзь Айчыны. Сваю задачу майстар слова бачыць у тым, каб дапамагчы педагогам напоўніць незгасальным святлом дабрыні, міласэрнасці, любові да Бога, чалавека, Радзімы юныя сэрцы і душы, засцерагчы іх ад крыўды і зла, несправядлівасці і нянавісці, здрады і маральнай разбэшчанасці. Патрыятызм і духоўнасць – галоўныя і любімыя тэмы яго літаратурнай творчасці.

Да прэзентацыі была падрыхтавана выстава кніг Фёдара Палачаніна. Шчырыя прыхільнікі яго літаратурнай творчасці Літвін Аляксей, Касцюк Лада, Савулава Вера паказалі гасцям фрагменты спектакляў па меладраме “Кветкі дзяцінства” і п’есе-казцы “Мары здзяйсняюцца”.

Вакальная група ўзорнай студыі “Тоніка” сваё выступленне прысвяціла шаноўнаму госцю. Усе юныя артысты атрымалі шмат дружных апладысментаў. Высокую ацэнку прысутных заслужылі вядучыя прэзентацыі Палідавец Юліяна і Кішулька Андрэй.

Удзельнікі прэзентацыі не маглі стрымаць слоў захаплення і падзякі ад знаёмства з творчасцю пісьменніка. Фёдар Антонавіч расказаў, як працаваў над творамі, адказаў на шматлікія пытанні педагогаў і вучняў, падарыў нашай установе адукацыі свае новыя кнігі. Атрымаўся ўрок патрыятызму, духоўнасці і дабра.

Святлана ЯНУКОВІЧ, дырэктар дзяржаўнай установе дадатковай адукацыі “Докшыцкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі”