“А што пасля сябе пакінеш ты?”


Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі распачаўся ў СШ №1 Брэста сустрэчай з Настассяй Нарэйкай

09.04.2021                                                          Новости


Традыцыйны Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі распачаўся ў СШ №1 Брэста сустрэчай з паэткай, сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі Настассяй Нарэйкай з Каменца.

Аўтарка не першы раз завітала ў гэту ўстанову адукацыі, дзе заўсёды цёпла сустракаюць гасцей, і 5 красавіка яе зацікаўленымі слухачамі сталі вучні 10 класаў.

Гутарка вялася на мілагучнай беларускай мове, і падчас яе Настасся Мікалаеўна расказала школьнікам пра свой жыццёвы і творчы шлях, пра родны горад Маладзечна, што на Міншчыне, пра першыя (беларускамоўныя, безумоўна!) спробы пяра і першую кніга, што пабачыла свет у 2013-м, пра работу ў рэдакцыі Камянецкай раённай газеты і сустрэчы з цікавымі людзьмі, якія яна дорыць.

Вучні ахвотна задавалі пытанні, уступаючы ў дыялог, і адказваць на іх было ой як няпроста! Чаго варта толькі філасофскае пытанне пра сэнс жыцця. Школьнікі цікавіліся любімымі пісьменнікамі аўтаркі, марамі і мэтамі, і на ўсё атрымалі шчырыя адказы.

Паэтка прачытала свой верш, прысвечаны творчасці аднаго з любімых паэтаў, Максіма Багдановіча. І заклікала слухачоў задумацца над пытаннем, што гучыць у канцы гэтага твора: “А што пасля сябе пакінеш ты?”

Настасся Нарэйка пажадала вучням абавязкова знайсці сябе ў жыцці, упарта ісці па той сцежцы, на якую кліча душа, і паабяцала ў хуткім часе яшчэ раз завітаць у школу пад нумарам 1, дзе любяць і паважаюць і белраускую мову, і паэзію.

Прэс-служба Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси