Адзінства любві і творчасці


Вызначаны пераможцы міжнароднага  конкурсу перакладчыкаў “Леся Украінка аб адзінстве народаў і лёсаў”.

 Адзінства любві і творчасці

 

Вызначаны пераможцы міжнароднага  конкурсу перакладчыкаў “Леся Украінка аб адзінстве народаў і лёсаў”. Конкурс  быў арганізаваны Брэсцкім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі, навукова-даследчай лабараторыяй па сацыякультурных праблемах памежжа Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, кафедрай беларускай і рускай моў гэтай ВНУ  і праводзіўся з нагоды 150-годдзя з дня нараджэння Лесі Украінкі і  года народная еднасці.

 

 На конкурс паступіла каля сотні прац, а сярод удзельнікаў  - творцы розных узростаў і прафесій з Беларусі, Расіі і Казахстана. Самыя маленькія ўдзельнікі творчага спаборніцтва – шасцікласніцы СШ №4 г. Віцебска,  самыя актыўныя – студэнты вышэйшых навучальных устаноў, якія паспрабавалі перакласці творы знакамітай украінскай пісьменніцы на нямецкую, французскую і англійскую мовы. Больш за ўсё паступіла перакладаў на беларускую мову. У гэтай намінацыі  за  “Лепшы пераклад паэтычнага твора” была адзначана дыпломам першай ступені праца Алы Бяльковай з Гомеля. Ала Бялькова кіраўнік літаратурнай гасцёўні маладых аўтараў “31-ы мерыдыян”, па прафесіі эканаміст. Другое месца атрымала  пісьменніца Галіна Бабарыка з в. Мочуль Столінскага раёна, а трэцяе Жанна Усцінава з Магілёва.  Сярод празаічных перакладаў лепшай прызнана праца пісьменніка з Рагачова Міхася Слівы, другое месца падзялілі настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ №2 г. Драгічына Дзеранчук Алена і адзінаццацікласніца з Арэхаўскай сярэдняй школы Маларыцкага раёна Коваль Эльвіра.

Пераможцам у намінацыі “Лепшы паэтычны пераклад на рускую мову” стала сябра літаратурнага аб’яднання “Надзея” з Гродна Кацярына Калік, другое месца атрымаў Яўген Прудчанка з Алматы, а трецяе сябра літаратурнага гуртка “ПаэтыкО” з Кобрына, настаўніца Алена Котава. Як адзначыала, член журы конкурса перакладаў, загадчыца навукова-даследчай лабараторыі па сацыякультурных праблемах памежжа, прафесар кафедры беларускай і рускай моў БрДТУ Марыя Жыгалава, конкурс яшчэ раз даказаў, што ўсе народы ва ўсе часы незалежна ад нацыянальнасці і месцы пражывання імкнуцца да міру і згоды, любві  і  шчасця.А творчасць здольна аб’яднаць лепшыя жаданні людзей.

Работы пераможцаў будуць надрукаваны ў Брэсцкім абласным літаратурным альманасе “Берасцейская скарбніца-4”.

                                                                            Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ