“Шлях Абая” — па-беларуску


У мінскім выдавецтве “Колорград” выйшаў з друку чатырохтомны раман-эпапея выдатнага казахскага пісьменніка, вучонага і грамадскага дзеяча Мухтара Аўэзава “Шлях Абая”.

21.10.2021                                                          Новости


У мінскім выдавецтве “Колорград” выйшаў з друку чатырохтомны раман-эпапея выдатнага казахскага пісьменніка, вучонага і грамадскага дзеяча Мухтара Аўэзава “Шлях Абая”.

 

Галоўны герой рамана — рэальная гістарычная асоба, вялікі паэт, мысляр, адзін з заснавальнікаў сучаснай казахскай літаратуры Абай Кунанбаеў. У творы разгорнута панарама поўнага драматызму і супярэчнасцей народнага жыцця, побыту і нораваў качавых і аселых стэпавікоў другой паловы ХІХ стагоддзя. Яскрава паказаны шырыня і хараство вольналюбівай душы лепшых прадстаўнікоў казахскага народа, іх мары аб справядлівым грамадстве, іх надзеі і памкненні, іх своеасаблівы духоўны ўклад, нацыянальны характар.

 

Беларускі чытач пазнаёміцца з мастацкай біяграфіяй знакамітага паэта, філосафа, кампазітара, а таксама з гісторыяй, культурай, этнаграфіяй, фальклорам казахскага народа.

 

Пераклаў раман-эпапею па заказу Пасольства Рэспублікі Казахстан у Беларусі вядомы паэт, празаік і перакладчык, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Міхась Пазнякоў.

 

Дарэчы, на творчым рахунку перакладчыка нямала апавяданняў, вершаў аповесцей і раманаў замежных класікаў, перакладзеных ім на родную мову. Сярод іх — раманы М. Сервантэса “Дон Кіхот”, В. Скота “Квенцін Дорвард”, С. Лагерлёф “Пярсцёнак Лёвеншольдаў” і інш.

 

Пераклаў Міхась Пазнякоў на беларускую мову таксама асобныя вершы знакамітага казахскага паэта Алжаса Сулейменава і аповесць вядомага казахскага празаіка Ярмека Аманшаева “Сын”.

 

Павел Кузьміч, фота аўтара.