З планамі ў новае творчае пяцігоддзе


Выбары старшыні Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі прайшлі ў гарадской бібліятэцы імя А.С. Пушкіна

10.11.2021                                                          Новости


Выбары старшыні Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі прайшлі ў гарадской бібліятэцы імя А.С. Пушкіна

 

Пачалося мерапрыемства прыемным і хвалюючым момантам – свае членскі білет і значок Саюза пісьменнікаў Беларусі атрымала паэтэса з Кобрына Наталля Кандрашук.

Старшыня творчай суполкі Таццяна Дземідовіч пазнаёміла прысутных з вынікамі працы за пяць гадоў. «Берасцейскімі пісьменнікамі  былі выдадзены звыш 112 кніг, у тым ліку калектыўных зборнікаў, — распавяла старшыня. — Творцы актыўна друкуюцца ў рэспубліканскай і замежнай прэсе, удзельнічаюць у міжнародных форумах, фестывалях, навукова-краязнаўчых праграмах і канферэнцыях, выступаюць у школах, бібліятэках, працоўных калектывах, вайсковых часцях, музеях, кнігарнях. Праводзяць мерапрыемствы духоўна-патрыятычнай накіраванасці».  

 

За апошнія пяць гадоў берасцейскія пісьменнікі двойчы атрымлівалі галоўную літаратурную ўзнагароду – Нацыянальную літаратурную прэмію. Пераможцамі сталі Зінаіда Дудзюк і Валерый Грышкавец. А яшчэ былі граматы, дыпломы, медалі, літаратурныя прэміі, нагрудныя знакі — у агульнай скарбонцы больш за сто ўзнагарод.

 

 

Надаецца ўвага маштабным праектам — традыцыйным і новым. Праводзяцца паэтычныя фестывалі, выдаецца літаратурна-краязнаўчы альманах «Астрамечаўскі рукапіс», занялі пачэснае месца беларуска-украінская гумарына «Смех заваёўвае Сусвет» і конкурс «Папяровы бусел». З 2017 года працуе ў розных фарматах і на розных пляцоўках, літаратуры салон «Музыка. Жывапіс. Літаратура», «Літаратурная альтанка», праводзіцца конкурс «Зорны спеў». У 2017 годзе быў заснаваны і конкурс «Духоўная веліч».   

 

 

Брэсцкае абласное аддзялення СПБ ацаніла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Ірына Захарэвіч. «Аддзяленне праводзіць вялікую працу. Аб гэтым ведаем дзякуючы нашаму ўзаемадзеянню, шматлікім сумесным праектам. Але самая галоўная наша праца — гэта духоўна-маральнае і патрыятычнае выхаванне людзей. Зараз у грамадстве ёсць запыт на гісторыю і краязнаўства. Але бачым, як лёгка сказіць гістарычныя падзеі, таму разлічваем на пісьменнікаў, якія змогуць данесці ў масы ўсю праўду з дапамогай мастацкай літаратуры і публіцыстыкі».

 

           

Затым прайшлі выбары старшыні аддзялення. Кіраўніком зноў абрана Таццяна Дземідовіч. Са шчырасцю яна падзякавала сваіх калег за давер. Яна адзначыла, што праца аддзялення прадоўжыцца, плануюцца новыя праекты. Сярод іх, з бліжэйшых, — ідэя выхада ў свет перыядычнага выдання на 24 старонках «Берасцейскія сшыткі». 

 

Газета «Брестский вестник» Наталля ШЛЯЖКА

Фота Галіны МОНІЧ