Растуць юныя таленты


Мінскае гарадское аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі падвяло вынікі літаратурнага конкурсу сярод школьнікаў, студэнтаў і моладзі, прысвечанага 130-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча.

29.11.2021                                                          Новости


Мінскае гарадское аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі падвяло вынікі літаратурнага конкурсу сярод школьнікаў, студэнтаў і моладзі, прысвечанага 130-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча. У конкурсе, які доўжыўся дзесяць месяцаў, прынялі ўдзел звыш 180 юных літаратараў з Мінска і іншых рэгіёнаў Беларусі. На суд прафесійнага журы яны прадставілі звыш 300 твораў рознай тэматыкі: вершы, апавяданні, аповесці, эсэ, казкі, артыкулы, літаратуразнаўчыя даследванні.

 

Лаўрэатамі конкурсу сярод юных паэтаў сталі: Валянціна Вандзіч (Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна), Вераніка Матусевіч (гімназія № 1 імя Францыска Скарыны, г. Мінск), Ганна Карсюк (Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя Максіма Танка). Сярод пачынаючых празаікаў лепшымі прызнаны Ксенія Кузняцова і Арына Навіцкая (Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя Максіма Танка), Ягор Чарнышэўскі — ваенаслужачы з Гродзенскага раёна, Лізавета Міхно (Рэспубліканскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву, г. Мінск), Соф’я Ціханава (гімназія № 10, г. Мінск), Ксенія Храмцова і Андрэй Садоўскі (гімназія № 1 імя Францыска Скарыны, г. Мінск). Лепшымі публіцыстамі і літаратуразнаўцамі сярод канкурсантаў сталі вучні сталічнай гімназіі № 35 Дзіяна Рэкуць, Алеся Парэчына і Алеся Круцёнак.

 

Цырымонія ўручэння дыпломаў і памятных падарункаў пераможцам прайшла днямі ў Сяюзе пісьменнікаў Беларусі

 

Лепшыя творы лаўрэатаў прапанаваны да надрукавання ў перыядычных выданнях.

 

А наперадзе новы літаратурны конкурс, прысвечаны 140-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа.

 

Міхась Пазнякоў

 

Фота Васіля Кулікова