"Творчасць маладых". Кацярына Роўда


30.11.2021                                                          Новости


Кожны год у бібліятэцы №21 праходзяць мерапрыемствы з удзелам маладых беларускіх пісьменнікаў. Прэзентацыі кніг серыі "Мінскія маладыя галасы", заснаванай старшынёй Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхаілам Паўлавічам Пазняковым, нязменна карыстаюцца папулярнасцю ў наведвальнікаў бібліятэкі.

 

Днямі на гадзіну паэзіі  прыйшла маладая беларуская паэтка, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат прэстыжнай прэміі Міжнароднага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва СНД “Садружнасць дэбютаў”,  аўтар твораў на патрыятычныя, філасофскія, лірычныя тэмы - Кацярына Роўда. Яе добра ведаюць пастаянныя чытчы бібліятэкі – Кацярына ўжо прадстаўляла сваю кнігу “Водар белага наліву”, а цяпер дэкламавала  вершы з новай кнігі “Паэтычныя КаРункі”, якая таксама выйшла ў серыі “Мінскія маладыя галасы”. На гэты раз пісьменніца чытала вершы пра каханне, бацькоў і дзяцей, вайну і мір. Усё пачынаецца з сям’і , упэўнена Кацярына, таму любоў да мастацкага слова, кнігі, Радзімы трэба фарміраваць з дзяцінства.

 

 

Навучэнцаў старэйшых класаў 215-ай сярэдняй школы, якія прыйшлі на сустрэчу, шчыра кранула філасофская паэзія Кацярыны Роўда,  яе праніклівыя вершы “Душа прытулак адшукала…”, “Наталяюся! Прагну! Малюся!..”, “Насустрач ветру”, вядома, запомняцца. Кнігі пісьменніцы зоймуць дастойнае месца ў фондзе бібліятэкі, і, спадзяёмся, будуць запатрабаваныя нашым удумлівым чытачом.

 

Раіса Граблюк

 

Фота аўтара