Творчы вечар паэта, празаіка, заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Андрэя Душачкiна ў літаратурным клубе «Шчырасць» пры публічнай бібліятэцы №22.


Творчы вечар паэта, празаіка, заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Андрэя Душачкiна ў літаратурным клубе «Шчырасць» пры публічнай бібліятэцы №22.

15.12.2021                                                          Новости


У мінскай публічнай бібліятэцы  № 22 адбыўся творчы вечар паэта, празаіка, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Андрэя Душачкіна. На сустрэчу завіталі чытачы бібліятэкі і пастаянныя члены клуба.

 

Кіраўнік клуба Міхаіл Пазнякоў прадставіў госця - аўтара сарака сцэнічных і сотні экранных вобразаў, трох зборнікаў эсэ і мноства вершаў, уладальніка ганаровага дыплома ЮНЭСКА за ўклад у творчую і грамадскую дзейнасць, кавалера медалёў Францыска Скарыны і Саюзнай дзяржавы

 

“За супрацоўніцтва”, вядучага майстра сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага.

 

 

Пра сябе і сваю творчую дзейнасць у тэатры і кіно Андрэй Андрэевіч расказваў цёпла, шчыра і эмацыянальна, чым адразу прывабіў да сябе ўсіх прысутных. Ён з’яўляецца прадстаўніком акцёрскай дынастыі Клімавых — Душачкіных. Яго маці, Аляксандра Іванаўна Клімава, - вядомая актрыса тэатра і кіно, выкладчыца ў тэатральна-мастацкім інстытуце, а бацька, Андрэй Валянцінавіч Душачкін, - акцёр, выкладчык у тэатральна-мастацкім інстытуце . У тэатры праходзіла большая частка жыцця, што дапамагло вызначыць далейшы арыенцір у выбары прафесіі. Яго жонка Людміла звязана са школай: працуе педагогам-канцэртмайстрам у 17-й мінскай гімназіі. У ролі таты ён таксама вельмі шчаслівы чалавек. Акрамя сына Аляксандра, ёсць яшчэ прыёмная дачка Хрысціна. Яна для яго блізкі і родны чалавек, член сям’і. Сын пайшоў па сямейным прафесійным шляху, а Хрысціна выбрала для сябе юрыспрудэнцыю. 

 

З 2004 года Андрэй Андрэевіч працуе старшым выкладчыкам кафедры тэатральнага мастацтва ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Але застаецца верным свайму тэатру, актыўна працуе ў кіно, на радыё і тэлебачанні. Пэўная часовая адсутнасць актыўнай работы ў тэатры дала магчымасць заняцца літаратурай. Вершы пісаў заўсёды. Першым чытачом і рэцэнзентам быў Анатоль Аўруцін. Пачаў друкавацца на старонках часопіса “Ннмига литературная”. Потым  былі публікацыі ў “Маладосці”, дзе ў бібліятэцы часопіса выйшаў яго першы  зборнік. Друкаваўся і ў “Першацвеце”, і ў газеце “Літаратура і мастацтва”. З’яўляецца аўтарам кніг «По ту сторону зеркала», «Отражения», «Письма луны», «Осколки чувств» (новы паэтычны зборнік аўтара). Госць  пазнаёміў з аўтарскім эсэ пра юнацтва і творчы старт у прафесіі, распавёў за што ўдзячны педагогам, і чаму паважае сучасную моладзь, і прызнаўся, што сапраўдны акцёр жыве надзеяй на ролю, якая абавязкова будзе больш значная, чым усе сыграныя ім раней. Для ўсіх прысутных выканаў маналогі з любімых спектакляў: роля Сяргея Паўлавіча Галубкова ў спектаклі па п’есе М.Булгакава “Бег”; роля сэра Эндру Эг’ючыка ў класічнай для любога тэатра камедыі В.Шэкспіра “Дванаццатая ноч” і роля графа Альфонса Рамэра ў прэм’ернай лірычнай камедыі ў пастаноўцы Дзмітрыя Астрахана “Ледзі на дзень”. Тры галоўныя ролі - і тры паспяховыя спектаклі.

 

Шмат шчырых і цёплых слоў пачуў у гэты дзень Андрэй Андрэевіч, адказваў на пытанні, падзяліўся сваімі творчымі планамі. Прысутныя пажадалі госцю невычэрпнага натхнення і поспехаў. Сустрэча атрымалася вельмі шчырая і прыемная. Вялізнае задавальненне ад яе атрымалі ўсе ўдзельнікі клуба.

 

 

 

Загадчык бібліятэкі Каржанеўская А.М.

 

Фота Васіля Кулікова