Літаратурная гасцёўня “І сёння свеціць Максімава зорка над намі…” (сустрэча з беларускай паэтэсай І.М.Фраловай )


Літаратурная гасцёўня  “І сёння свеціць Максімава зорка над намі…” (сустрэча з беларускай паэтэсай І.М.Фраловай )

16.12.2021                                                          Новости


Як вядома, 9 снежня адзначалася вельмі важная дата — 130-годдзе з дня нараджэння песняра зямлі беларускай Максіма Багдановіча. З гэтай нагоды ў гімназіі № 10 ў межах тыдня беларускай мовы і літаратуры вучні старэйшых класаў ( Высоцкая Яна, Кравец Іван, Лапко Максім, Кадзін Мікіта і Васілеўскі Аляксандр)  падрыхтавалі свае праекты  “Жыццёвыя пуцявіны паэта”, праз якія кожны мог не толькі ўзгадаць вядомыя факты пра М.Багдановіча,але і адкрыць для сябе штосьці новае,невядомае…

 

Нехта сказаў, што паэты нараджаюцца сузор’ямі. І, як зоркі, яны разам сталеюць, набываюць моц і святло.Па іх звяраюць шлях тыя, хто збіўся з дарогі, хто згубіў сваю сцежку ў жыцці. 11 снежня  ўтульная актавая зала  сабрала сапраўдных аматараў беларускай паэзіі на свята- сустрэчу з беларускай паэтэсай,  супрацоўнікам  Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, чалавекам сапраўды творчым і ўлюблёным у сваю справу — Інай Мікалаеўнай Фраловай.

 

А пачалася  сустрэча з  верша Іны Мікалаеўны, які мае сімвалічную назву “Край”, дзе  аўтарка прызнаецца, што “акрыляе  яе душу “, дзе яна чэрпае сваё натхненне:

 

Там у светлых барах

Некранутай ад веку раскошы--

На прасторы зямной,

Для мяне не іначай як рай,

Ёсць куточак малы,

Месцаў іншых не лепшы, не горшы,

Але сэрцам сваім адчуваю—радзімы мой край.

Краю вечнай вясны,

Дзе і рэха гучыць чысцінёю!

 

Так склалася, што беларуская зямля багатая на славутых пісьменнікаў, паэтаў, якія ў сваёй творчасці звярталіся да тэмы малой радзімы, што невыпадкова, бо гэта не толькі тое месца, дзе паэт нарадзіўся, сталеў, але месца, якое натхняла, давала моц, сілы ісці далей, пераадольваць перашкоды на шляху. Зямля бацькоў — зямля, дзе чалавек зрабіў першыя крокі. Яна заўсёды мае асаблівую прывабнасць, чароўную сілу. Усё на гэтай зямлі – самае дарагое, самае блізкае, і куды б цябе ні закінуў лёс, ніколі не парвецца з ёй душэўная сувязь. Гэта тое месца, якое заўсёды было, ёсць і будзе  ў сэрцы любога чалавека.

 

У час сустрэчы з паэтэсай гучалі вершы ў выкананні гімназістаў на розныя тэмы, але асабліва запамінальнай стала лірыка пра самае патаемнае,трапяткое пачуццё, якое заўсёды натхняла і будзе натхняць людзей творчых, таленавітых — пра каханне. І, безумоўна, у час сустрэчы ўзгадалі нашага нацыянальнага генія, зорка якога загарэлася на літаратурным небасхіле 130 гадоў назад і ярка свеціць і сёння, — Максіма Багдановіча. Чаму Максіма звалі Кніжнікам? Якая ў паэта была мара? На гэтыя і не толькі пытанні вучні атрымалі адказ падчас мерапрыемства.

 

Сапраўды,  ад такой літаратурнай сустрэчы атрымалі задавальненне ўсе вучні 10 класаў, бо судакрануліся да непаўторнага, чароўнага  і мілагучнага слова песняроў нашай “зямлі пад белымі крыламі”, нашай сінявокай Беларусі.

 

Юлія Раманькова