Вынікі дзейнасці Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і задачы на бягучы год абмеркавалі ў горадзе над Сожам.


СТАРТ ЛІТАРАТУРНАМУ ГОДУ ДАДЗЕНЫ!

12.01.2022                                                          Новости


Вынікі дзейнасці Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і задачы на бягучы год абмеркавалі ў горадзе над Сожам.

 

У межах Года народнага адзінства абласной пісьменніцкай арганізацыяй мінулы год быў аб’яўлены і Годам класічнай літаратуры і чытання на Гомельшчыне. Вялікая ўвага саветам суполкі і калектывам аддзялення ўдзялялася папулярызацыі кнігі сярод насельніцтва рэгіёна, школьнікаў, рабочай і вучнёўскай моладзі. Так, самастойна, а таксама ў садружнасці з партнёрамі праведзена больш паўсотні масавых мерапрыемстваў патрыятычнай тэматыкі, арганізавана звыш 1040 сустрэч пісьменнікаў з чытачамі. Літаратары рэгіёна бралі актыўны ўдзел у літаратурных, краязнаўчых, грамадска-культурных акцыях, канферэнцыях, прэзентацыях, дыскусійных пляцоўках і “круглых сталах”. 

 

Найбольш значнымі і яркімі падзеямі літаратурнага жыцця ў паўднёвай вобласці краіны ў 2021 годзе сталі: правядзенне шэрагу акцый, урачыстасцей і адкрытых літконкурсаў з нагоды 100-гадовых юбілеяў класікаў беларускай літаратуры І.Шамякіна і Івана Мележа, сумесная праца з расійскімі калегамі па адкрыццю музейнага пакоя Івана Мележа ў Растоўскай вобласці, ініцыяванне і правядзенне ІІІ абласнога фестываля літаратуры, культуры, народных традыцый “На зямлі Кірылы Тураўскага” (пры падтрымцы Гомельскага аблвыканкама,  Гомельскага і Жыткавіцкага райвыканкамаў), XVI міжнародны фестываль-свята “Славянскія літаратурныя дажынкі”, канферэнцыя  славянскіх літаратараў да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны; адкрыццё на будынку ААТ “Палесдрук” інфармацыйнай дошкі, прымеркаванай  да 80-годдзя выхаду першага нумара агітплаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”, прэзентацыі міжнародных праектаў “Берагі дружбы”, альманахаў “Літара” і “Тічыя”, і многае іншае.

 

Чытачоў краіны і вобласці яркімі кнігамі парадавалі і многія гомельскія аўтары. Сярод іх дастаткова моцнымі ў мастацкім плане прызнаны творы Ізяслава Катлярова (зборнік паэзіі “Мое духовное пространство”, публіцыстыкі  “Война – время подвигов и трагедий»), Уладзіміра Гаўрыловіча  (проза – “Сэрца сваё не падманеш…”, “Куда улетает Ангел”, “Не сварыся з нябёсамі”),  Алены Матвіенка (дзіцячая паэзія “День рождения кота”), Васіля Ткачова (дзіцячая проза “Як сон знайшлі”), Міхася Слівы (зборнікі прозы “Роднымі сцяжынкамі” і гумару “Кума з Аўстрыі”),  Валерыя Ветошкіна (паэтычныя зборнікі “Отечество души” і “Поступь вечности”),  Ганны Атрошчанкі (зборнік трыялетаў “Пазычце ў сонца дабрыні!”), Галіны Рагавой (зборнік паэзіі “Каліны горыч”), Надзеі Дзмітрыевай (сборник поэзии “И лиры светлый луч” і кніга паэзіі мовай прозы сумесна з Уладзіславам Шышыгіным “Адлюстраванне”), Лідзіі Долбікавай  (паэтычны зборнік “Сугучча сэрцаў”, і вершы для дзяцей “Путешествие Василисы в страну Букварию”),  Аляксея Сазанчука (дзве кнігі літаратурнаага краязнаўства “Ах, судьба моя, Корма!”) і інш. Па сумеснай ініцыятыве абласнога аддзялення СПБ і растоўскіх калег у Таганрозе выйшаў зборнік вершаў ганаровага члена СПБ Міхася Болсуна “Родное, близкое” (пераклад на рускую мову зроблены ўдзельнікамі міжнароднага праекта паэтычных перакладаў “Берагі дружбы”). Выдадзеныя зборнікі прадстаўлены ў бібліятэчнай сістэме, на сайце аддзялення і ў сацыяльных сетках, на большасць  з іх з’явіліся станоўчыя рэцэнзіі і водгукі ў “ЛіМе”, “Сельскай газеце” і іншых выданнях.

 

Па ацэнцы членаў Савета абласнога аддзялення СПБ, нягледзячы на пандэмію і ўведзеныя абмежаванні ў мінулым годзе, пісьменніцкай арганізацыяй Гомельшчыны зроблена нямала, работа калектыва прызнана здавальняючай. Таксама разгледжаны, абмеркаваны і зацверджаны план работы на бягучы год.

 

Так, на думку старшыні абласнога аддзялення СПБ Уладзіміра Гаўрыловіча, 2022-і год будзе не менш насычаны на літаратурныя падзеі, пры чым шмат увагі будзе ўдзяляцца мерапрыемствам, прысвечаным Году гістарычнай памяці.

Асобнае месца сярод іх, у тым ліку ў сувязі з правядзеннем Дня беларускага пісьменства ў Добрушы, зойме адкрыты рэспубліканскі літаратурны конкурс кароткай прозы “Сэрца на далоні”, прысвечаны  народнаму пісьменніку Беларусі Івану Шамякіну.

 

Дарэчы, на працягу года будзе праведзена некалькі літаратурных конкурсаў для моладзі і для ўсіх жадаючых, пройдуць як традыцыйныя, так і новыя літаратурныя святы, фестывалі і творчыя акцыі.

 

Напрыклад, у сакавіку на Гомельшчыне шырока адзначаць 100-годдзе савецкага беларускага пісьменніка Міколы Гамолкі. Пісьменніцкая суполка пры падтрымцы Саюза пісьменнікаў Беларусі, Расіі і Ўкраіны аб’явіла аб правядзенні міжнароднай акцыі  “Кніга ў дар: добрая справа ад шчырага сэрца” па зборы новых выданняў з аўтографамі беларускіх, рускіх і ўкраінскіх пісьменнікаў для Добрушскай і Жыткавіцкай цэнтральных бібліятэчных сістэм і іх філіялаў. Пісьменнікі арганізуюць XV абласны конкурс чытальнікаў “Захаваем свет разам!”, прысвечаны 140-годдзю са дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, III абласны конкурс малюнкаў “Вясёлка над Тураўскай зямлёю: родныя вобразы” па матывах творчасці як класікаў беларускай літаратуры, так і сучасных творцаў Гомельшчыны, і шмат іншага.

 

Падчас падвядзення вынікаў працы аддзялення размова ішла і аб удзеле пісьменнікаў Гомельшчыны ў 25 з’ездзе Саюза пісьменнікаў Беларусі, на якім даручана выступіць лідару абласнога аддзялення, а таксама разгледжаны і іншыя актуальныя пытанні, у тым ліку кандыдатуры маладых  творцаў для прыёму ў пісьменніцкую арганізацыю краіны.

 

Мікалай ІГНАТОВІЧ,

 

Прэс-служба Гомельскага абласнога аддзялення ГА “СПБ”