На літаратурных сцежках гомельшчыны


На літаратурных сцежках гомельшчыны

26.01.2022                                                          Новости


Шамякінскія чытанні прайшлі ў горадзе над Сожам пры падтрымцы абласной пісьменніцкай арганізацыі на базе абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І. Леніна і яе філіяла – Славянскай спецыялізаванай бібліятэкі.

 

На працягу двух дзён перад студэнтамі ВНУ Гомеля выступілі выхаванцы гуртка “Школа маладога літаратара” як з творамі вядлмага майстра слова, так і са сваімі творчымі здабыткамі, прысвечанымі свайму земляку, народнаму пісьменніку Івану Шамякіну.

 

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, педагог і паэтэса Нікіціна Ніна Нічыпараўна (Шклярава), якая кіруе Школай маладога літаратара ўжо болей дзесяці гадоў, падзялілася з моладдзю сваімі ўспамінамі пра знакамітага пісьменніка, які працаваў пасля вайны ў яе роднай вёсцы Пракопаўка.

 

Усцешна, што аўтары-пачаткоўцы, якія наведваюць літаратурны гурток, працягваюць традыцыі сваіх таленавітых землякоў, пішуць пра тое, што хвалявала і хвалюе людзей спакон вякоў: пра родны кут, каханне, пра сваіх знакамітых продкаў. Цёпла, напрыклад, юныя слухачы ўспрынялі  верш   Аліны Рыцік "Каханне", займальны аповед Кацярыны Мяньковай пра школьных следапытаў, Вікторыю Лебедзеву, якая прачытала верш у прозе "Дзіва", у якім апісвае прыроду лясной паляны, дзе стаяла леснічоўка Пятра Шамякіна, а таксама самай юнай удзельніцы гуртка Варвары Гарнак, якая прачытала верш, прысвечаны пісьменніку-земляку…

 

А ў філіяле – Славянскай бібліятэцы – пачаткоўцы-аматары  прадоўжылі творчы расповед пад рубрыкай "Літаратурнымі сцежкамі Гомельшчыны. Іван Шамякін.”

 

Улад ПРЫАЗЁРНЫ

 

На фота прэс-службы Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”:  у час Шамякінскіх чытанняў у горадзе над Сожам