Гучала горная ліра


Гучала горная ліра

06.05.2017                       Новости 


У Мінскім гарадскім тэатры паэзіі, што працуе пры Цэнтральнай сталічнай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбыўся творчы вечар паэта і перакладчыка Хізры Асадулаева. 


Ва ўступным слове заснавальнік і дырэктар тэатра Міхась Пазнякоў адзначыў, што Хізры Газіевіч вядомы ў Беларусі і Расіі не толькі як літаратар, але і як скульптар, мастак, кампазітар, выканаўца песень, грамадскі дзеяч. З’яўляецца членам Саюза мастакоў, Саюза пісьменнікаў і Саюза музычных дзеячаў Беларусі. Піша на роднай карацінскай мове. Друкуецца таксама на беларускай і рускай мовах. Яго кніга вершаў “Горо” выйшла на беларускай мове ў перакладзе народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. А кніга вершаў “Проблески таинства” — у перакладзе на рускую мову знакамітага паэта і перакладчыка Анатоля Аўруціна. Як перакладчык, Хізры Асадулаеў пераклаў на карацінскую мову многія вершы класікаў рускай, беларускай і замежнай паэзіі, а таксама сучасных паэтаў Беларусі.

Яго мастацкія работы захоўваюцца ў музеях і прыватных калекцыях многіх краін, а таксама ў Мінску і Маскве. А скульптурныя работы і мемарыяльныя дошкі з барэльефам устаноўлены ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Мінску, у Дагестане. Персанальныя выстаўкі, творчыя вечары праходзілі ў Мінску, Маскве, Махачкале. Добра вядомы і як кампазітар, Х.Г. Асадулаеў напісаў музыку на многія вершы. Выпусціў альбом “Лирика суровых гор” — у аранжыроўцы Дзмітрыя Даўгалёва.

Нарадзіўшыся ў дагестанскім сяле Карата, творца з 1981 года жыве разам з сям’ёй у Мінску. З’яўляецца старшынёю Міжнароднага грамадскага аб’яднання дагестанцаў “Горо”, членам каардынацыйнага савета кіраўнікоў беларускіх грамадскіх аб’яднанняў расійскіх суайчыннікаў пры пасольстве Расійскай Федэрацыі ў Беларусі, членам міжэтнічнага кансультатыўнага савета пры ўпаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Адметная творчая і грамадская дзейнасць Хізры Асадулаева адзначана многімі ўзнагародамі Беларусі і Расіі. Ён — заслужаны мастак Рэспублікі Дагестан, узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, залатым медалём Расійскага фонда міру і інш.

На творчым вечары паэта прагучалі многія яго вершы і песні, як у выкананні самога аўтара, так і артыстаў, студэнтаў і вучняў навучальных устаноў сталіцы ды з вуснаў перакладчыка Анатоля Аўруціна.

Узнёслае слова пра паэзію творцы сказала літаратурны крытык Людміла Вераб’ёва. Х. Асадулаева сардэчна віталі паэт Андрэй Скарынкін, спевакі Дзмітрый Сяргееў і Паліна Данская, танцавальны ансамбль “Легенды Каўказа”, сябры, суайчыннікі, шматлікія прыхільнікі яго шчодрага  таленту. 

Павел КУЗЬМІЧ

Фота Васіля КУЛІКОВА

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси