Адкрыццё фотавыставы “Паэты і час”


Адкрыццё фотавыставы “Паэты і час”

15.05.2017                               Новости 


...Каб вольна, звонка, да нябёс

 Радзімы Слова закрыляла, 

Каб усміхнуўся нам Купала, 

Яго адчуўшы шчасны лёс…

(М.П. Пазнякоў)


У бібліятэцы №2 пры падтрымцы Мінскага гарадскога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” адбылося адкрыццё фотавыставы  “Паэты і час”. Яе аўтар – Міхась Крыжаноўскі – вядомы ў Беларусі фотамастак, майстар партрэтных, рэпартажных і мастацкіх здымкаў, прымаў удзел у шматлікіх выставах  і конкурсах у нашай краіне і за яе межамі. Па адукацыі ён эканаміст-менеджар, выкладчык фотасправы, цяпер з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам у галіне рэкламы, маркетынгу і адукацыі. Каля дваццаці гадоў супрацоўнічае са СМІ ў якасці фотакарэспандэнта і журналіста.

Фотавыстава “Паэты і час” прысвечана творчай дзейнасці вядомага пісьменніка, аўтара кніг паэзіі і прозы для дарослых і дзяцей, перакладчыка, крытыка, мовазнаўцы, старшыні Мінскага гарадскога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Міхася Паўлавіча Пазнякова.

Для чытачоў бібліятэкі і навучэнцаў Філіяла БДЭУ «Мінскі гандлёвы каледж» выступілі знакамітыя госці  мерапрыемства: Міхась Паўлавіч Пазнякоў, пісьменніца, пераможца Рэспубліканскага конкурсу маладых паэтаў Беларусі (2015), лаўрэат міжнароднага конкурсу імя С. Ясеніна (2015), член Саюза пісьменнікаў Беларусі Ганна Мартынчык; акцёр тэатра і кіно, шоўмэн, кампазітар, музыкант, тэлевядучы Сяргей Кравец,  спявачка Іна Кравец.

У цёплай, утульнай атмасферы бібліятэчнай залы гучалі вершы, прысвечаныя Радзіме, прыемным і радасным імгненням жыцця, патаемным і адкрытым пачуццям. Шчырыя, лёгкія, натхнёныя, мудрыя, зрэдку прасякнутыя светлым сумам. Блізкія і зразумелыя кожнаму чалавеку радкі.

Усхвалявалі і расчулілі песні, што выканала Іна Кравец.  А песні на вершы Міхася Пазнякова спявалі разам з Сяргеем Краўцам. Адбыўся цуд сапраўднага мастацтва: яно аб’яднала душы ўсіх прысутных і ніхто не застаўся абыякавым. Моцным і незабыўным фіналам мерапрыемства стала песня “Янка Купала” (“Роднае слова”). У юбілейны год з дня нараджэння класіка нашай літаратуры яна прагучала гімнам Беларусі, сапраўдным Гімнам Беларускаму Слову.  Няхай жа гэты агеньчык любові да Радзімы і матчынай мовы, абуджаны радкамі цудоўнага верша, ніколі не згасае ў нашых душах , а толькі мацней і мацней разгараецца.

Хочацца выказаць падзяку аўтару фотавыставы “Паэты і час”  Міхасю Крыжаноўскаму за магчымасць “затрымаць” на здымках імклівасць часу і зберагчы для будучага незваротныя імгненні мінулага, захаваць напамін аб іх.

Вялікі дзякуй гасцям і ўдзельнікам мерапрыемства за іх талент і творчасць. Узгадваюцца радкі беларускай паэтэсы Еўдакіі Лось: “У кожным імгненні паэзія ёсць,

У кожным здзяйсненні — яе прыгажосць...”

Спадзяюся, што ПАЭЗІЯ будзе існаваць ва ЎСЕ ЧАСЫ, а ПАЭТЫ застануцца выразнікамі нашых агульных пачуццяў, думак, памкненняў… Выразнікамі нашага ЖЫЦЦЯ.

Надзея  САЛАДУХА

Фота Міхаіла КРЫЖАНОЎСКАГА

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси