Дзякуй і даруй, дарагі сябра


СПАЧУВАЕМ

27.06.2017                               СПАЧУВАЕМ 


Уладзімір Дуктаў – чалавек асобага складу. Трэба было б напісаць – быў чалавекам асобага складу. Не атрымліваецца (рука нямее, калі набіраеш гэтыя тры чорныя жалобныя літары) – ён жыве, як і жыў, разам з намі сваімі выдатнымі творамі і сваёй неўтаймоўнай натурай, сваёй неардынарнасцю як мастака і рознапланавай асобы, сваёй распасцёртай адкрытасцю.

Уладзімір Уладзіміравіч гарманічна спалучаў у сабе якасці творцы і кіраўніка, прычым, цягам усяго жыцця.

Нарадзіўся ён 28 снежня 1953 года ў г. Крычаў у сям’і служачых. Пасля заканчэння школы скончыў факультэт журналістыкі БДУ, вышэйшую партыйную школу. З 1976-га працаваў карэспандэнтам клімавіцкай раённай газеты “Новае жыццё”. Затым – лектар, намеснік загадчыка аддзела, а з 1980 года – загадчык аддзела Магілёўскага абкама камсамола. З 1982-га – загадчык аддзела Кастрычніцкага райкама партыі Магілёва, з 1984-га –  інструктар Магілёўскага абкама партыі.

Вось такая багатая гэтак званая чыноўніцкая біяграфія. У лепшым сэнсе гэтага слова. Бо чыноўнік, які яшчэ і творца, гэта чалавек не толькі вялікай адказнасці, але і гэткай жа вялікай душы.          

З 1987 года Уладзімір Дуктаў – рэдактар магілёўскай раённай газеты “Прыдняпроўская ніва”. У 1994-м абраны сакратаром Магілёўскага абласнога аддзялення “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.

З 1986 г. выступае ў друку і на радыё. Аўтар кніг прозы “Дзякуй і даруй”, “Трэцяя асоба”, “Смешкі-пацешкі” і іншых.

Друкаваўся ў калектыўных зборніках “Галасы Прыдняпроўя”, “Дняпроўскія хвалі”, “Карані”, “Прыдняпроўе – маё натхненне”, у рэспубліканскай, пераважна літаратурнай, перыёдыцы...

Глыбока смуткуем з нагоды заўчаснай смерці шаноўнага калегі і выказваем шчырыя спачуванні родным і блізкім нябожчыка.

 

Прэзідыум ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.