“Роднага неба мілае святло”


“Роднага неба мілае святло”

10.07.2017                                  Новости


Надзвычай разнастайнай і насычанай была праграма святочных мерапрыемстваў у цэнтральным парку горада Лепеля Віцебскай вобласці, прысвечаных Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. 3 ліпеня 2017 года тут працавала і літаратурна-музычная пляцоўка “Роднага неба мілае святло”, прачытала свае вершы “Сцяг Айчыны маёй”, “Беларускія народныя строі”, “Мой Лепель”, “Мне просіцца ў далоні цішыня”, “Васільковае шчасце” член ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, паэтэса Святлана Якубоўская.

На святочнай імпрэзе выступілі таксама аматары паэтычнага слова, удзельнікі народнага літаратурна-музычнага клуба “Выток” Тацяна Курловіч, Анатоль Сергіёнак, Мікалай Яршоў, Валянціна Ясень і Яна Грыгаровіч. Аўтары ўзнёслых паэтычных радкоў падыходзілі да мікрафона, абуджалі наваколле меладычнымі галасамі, змястоўнымі творамі на беларускай і рускай мовах, выклікалі гэтым павышаную цікавасць у лепяльчан і гасцей горада, якія падтрымлівалі мясцовыя літаратурныя таленты дружнымі апладысментамі. 
Прадстаўляла тых, хто падыходзіў да мікрафона, кіраўнік народнага літаратурна-музычнага клуба “Выток” ДУК “Лепельскі раённы Дом культуры” Вольга Казакова. З асаблівым задавальненнем яна пазнаёміла прысутных з Янай Грыгаровіч з аграгарадка Горкі Лепельскага раёна. Гэтая вясковая дзяўчынка толькі што закончыла ДУА “Горская базавая школа Лепельскага раёна”, апошнія тры гады запар перамагала ў раённым конкурсе сярод юных паэтаў. Летась адзін з вершаў Яны Грыгаровіч пад назвай “Я мару” быў надрукаваны ў рэспубліканскім часопісе “Вясёлка”. Дарэчы, спачатку дзяўчынка, калі яшчэ вучылася ў малодшых класах школы, наведвала гурток паэтычнага слова “Крынічка” пры ДУК “Лепельскі раённы Дом культуры”, а пасля сталення, адточвання свайго паэтычнага майстэрства стала паўнапраўным членам народнага літаратурна-музычнага клуба “Выток”.


Мікалай ГАРБАЧОЎ,

карэспандэнт раённай газеты “Лепельскі край”,

Віцебская вобласць.
 Фота аўтара.