На высокім беразе Дняпра


На высокім беразе Дняпра

10.07.2017                                  Новости 


У межах правядзення Купалаўскіх дзён мемарыяльны запаведнік “Ляўкі”, што на Віцебшчыне, прымаў творчую дэлегацыю. Пісьменнікі з Мінска і Мінскай вобласці мелі магчымасць далучыцца да вялікага свята “Купала заўсёды ў сэрцы маім”.

Гасцінныя гаспадары сустрэлі творчы дэсант хлебам-соллю і шчырымі цёплымі словамі. Народныя ўмельцы праводзілі майстар-класы, шматлікія народныя гурты і калектывы дэманстравалі беларускія песні, танцы. Нават летняя залея была да месца ў агульным сцэнарыі свята, яна не толькі не напалохала прысутных, але вымусіла падарыць гарачыя апладысменты акцёрам, што ладзілі інсцэніроўку паводле твораў Янкі Купалы.

Была магчымасць і пачаставацца сапраўднымі старажытнымі беларускімі стравамі і напоямі. Акрамя ўсяго госці сталі сведкамі шчаслівага выратавання чароўнай Дамы на Рыцарскім турніры.

Каля помніка першы намеснік СПБ Алена Стэльмах і яшчэ некаторыя ўдзельнікі пісьменніцкай дэлегацыі выказалі думкі аб ролі асобы паэта ў сучаснасці.

Сапраўдным падарункам для ўсіх, хто прыйшоў ушанаваць памяць Вялікага Паэта, стаў выступ знакавага для ўсіх беларусаў ансамбля “Песняры”.

Закончылася ўрачыстае святкаванне выступамі сучасных паэтаў і бардаў. Гучалі вершы Янкі Купалы, песні на яго словы, пераклады, прысвячэнні. Паэты выконвалі і ўласныя вершы.

Засталося толькі выказаць словы падзякі Дзяржаўнаму літаратурнаму музею Янкі Купалы і ўсім, хто прымаў удзел у арганізацыі, ды назваць прозвішчы ўдзельнікаў. А гэта – Святлана Быкава, Навум Гальпяровіч, Бажэна Ганнушкіна, Глеб Кандрашоў, Тамара Краснова-Гусачэнка, Андрэй Зыгмантовіч, Зміцер Пятровіч, Алена Стэльмах, Іна Фралова.

Антаніна ШЫЛІНА