Зразумець i адчуць слова Купалава


Зразумець i адчуць слова Купалава

12.07.2017                                Новости 


У чарговы раз сабраліся прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі Гродзеншчыны – пісьменнікі, навукоўцы, прыхільнікі мастацтва і аматары літаратуры. Музычна-паэтычная вечарына “Буду пець не за славу…” з нагоды 135-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Янкі Купалы адбылася 6 ліпеня ў Гродне.


Паводле знанага гарадзенскага культуролага і літаратуразнаўцы, прафесара Аляксея Міхайлавіча Пяткевіча, Янка Купала неаднойчы наведваў наш горад: у 1913, 1914, 1939, 1940 і 1941 гадах. У 1912, 1913, 1941 бываў у Ашмянах; у 1939-м – у Слоніме; у 1940-м годзе завітаў у Ліду і Навагрудак. Унікальнае геапалітычнае становішча рэгіёна, складаныя, неадназначныя гістарычныя працэсы, якія адбываліся тут, прыцягвалі паэта. Тут ён не толькі сустракаўся з аднадумцамі, але і чэрпаў натхненне.

 

Паэт адчуваў асаблівую духоўную сувязь з Прынёманскім краем, падтрымліваў цесныя кантакты з прадстаўнікамі мясцовага культурнага асяроддзя, літаратурнымі коламі. Магчыма, сугучнасць Я.Купалы з лёсам тагачаснага Прынямоння ў тым, што вобраз Песняра і яго творчая спадчына таксама ўспрымаліся неадназначна. І нават сёння, у дні 135-годдзя з дня нараджэння народнага паэта не сціхаюць дыскусіі аб тым, ці быў Я.Купала песняром правінцыі, "мужыцкім паэтам", альбо прадстаўляў прагрэсіўную, еўрапейска арыентаваную частку беларускай грамады. Толькі магутная народнасць яго постаці не выклікае сумненняў ні ў каго, толькі высокае званне яго ў мастацтве – Геній – для ўсіх бясспрэчна.

Па традыцыі на святочны вечар, прысвечаны класіку-юбіляру, усіх сваіх сяброў у маленькай утульнай зале абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці сабраў гарадскі клуб творчай інтэлігенцыі "Грані" на чале са сваім кіраўніком Аляксандрам Закрэўскім. У сваім уступным выступе Аляксандр Міхайлавіч прапанаваў прысутным кароткі агляд жыццёвага і творчага шляху паэта, падзяліўся сваім асабістым успрыманнем Слова Купалы, яго постаці, што знайшло працяг у некалькіх аўтарскіх песнях пад гітарны акампанемент – на словы Янкі Купалы (“Млечны шлях”) і на словы Яўгеніі Янішчыц (“Ружы Купалы”). Як вядома, паэтычная і музычная плыні мастацтва шмат у чым роднасныя і звязаныя паміж сабой водгукам на іх чалавечай душы, якая прагне гармоніі. Песенная пластычнасць, мілагучнасць купалаўскай лірыкі падкрэслівае яе народныя вытокі, якія бяруць пачатак у фальклоры.

 

У выкананні членаў клуба творчай інтэлігенцыі "Грані", аматаркі літаратуры Аксаны Маркевіч і актрысы Гродзенскага тэатра лялек Галіны Закрэўскай прагучалі вершы Янкі Купалы, якія належаць да розных перыядаў творчасці паэта. У знак удзячнасці чытальнікам на сцэне нечакана з'явіліся пышныя букецікі любімых Янкам Купалам далікатных і сціплых палявых рамонкаў.

Тэму інтымнага ўспрымання творчасці Янкі Купалы, культуры мастацкага дыялогу, якой катастрафічна не хапае сучаснай чытацкай моладзі, закранула педагог, літаратуразнаўца і паэтэса Ала Петрушкевіч. Ала Мікалаеўна прыадчыніла сакрамэнт купалаўскага вобраза, што выратавальным катарсісам жыве ў яе сэрцы з самага дзяцінства. Прамоўца звязала сваё выступленне з асобай і прысвечанай класіку ўнікальнай навуковай працай яе калегі, даследчыка і педагога Ігара Васільевіча Жука, які літаральна на днях заўчасна пайшоў з жыцця. У прачытаным А.М.Петрушкевіч санэце прагучалі матыў любові да роднай зямлі і заклік вучыцца чуць уласнае сэрца, уласнае сумленне. Вучыцца ў Купалы.

 

Старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэтэса, празаік Людміла Кебіч прачытала ўласны паэтычны твор, напісаны ў форме так званага акраверша, дзе з першых літар кожнага радка, калі чытаць іх зверху ўніз па вертыкалі, зашыфравана пасланне Янку Купалу ад сучасных паэтаў Беларусі. Затым у выкананні паэтэсы прагучала песня на словы з фальклорна-рамантычнай паэмы Янкі Купалы "Яна і я" (аўтар музыкі Г.І.Кебіч).

У форме віншавання з чароўным святам Купалля, якое непарыўна звязана з вобразам вялікага песняра Беларускай зямлі, са сваімі лірычнымі прысвячэннямі Янку Купалу, яго Слову і яго малой радзіме Вязынцы выступіў ганаровы член СПБ, паэт Браніслаў Ермашкевіч.

 

Старшы выкладчык кафедры беларускай філалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы, літаратуразнаўца, паэтэса, член СПБ Святлана Тарасава сваё выступленне напоўніла разважаннямі аб тым, якім розным па даўжыні і глыбіні можа быць шлях да літаратуры, да айчыннай літаратурнай класікі ў сучасным грамадстве. На прыкладзе вывучэння творчасці Янкі Купалы ў розных аўдыторыях, таксама з нагоды юбілейнай даты гэтыя назіранні яшчэ раз пацвярджаюць неабходнасць усімі спосабамі наблізіць сучаснага чалавека (“Нomo Моdern") да мастацтва слова ў якасці сродку духоўнага ўзбагачэння.

 

Вывучэнню творчай спадчыны Янкі Купалы шырокае месца адводзіцца ў навуковай дзейнасці Аліны Сабуць. З некаторымі даследаваннямі, выкананымі Алінай Эдмундаўнай, вы можаце азнаёміцца на нашым сайце. Кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай філалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы ў сваёй прамове прадставіла вобраз Я.Купалы шматгранным, напоўненым сімволікай. Глыбока сімвалічным таксама ўяўляецца і той факт, што Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт з гонарам носіць імя Янкі Купалы. Вобраз Песняра стаў шмат у чым вызначальным не толькі ў працэсе фарміравання беларускай нацыі. Было падкрэслена, што іпастась першага народнага паэта Беларусі валодае магутным выхаваўчым патэнцыялам. Невыпадкова купалаўская творчасць мае шмат пасланняў у будучыню; у ёй выразна гучыць патрыятычны заклік да нашай моладзі. Пра гэта было сказана (ужо ў традыцыйным раздзеле вечарыны "Вольны мікрафон") дырэктарам музея ГрДУ імя Янкі Купалы Уладзімірам Сытых.

 

Музычна-паэтычная вечарына “Буду пець не за славу…” застанецца ў памяці яе гасцей і ўдзельнікаў таксама дзякуючы яркім экспромтам. Так, з прывітаннем ад творчай інтэлігенцыі Малдовы да прысутных звярнуўся госць з Кішынёва, піяніст Вячаслаў Акіндзінаў. Выкананыя музыкам варыяцыі на тэму папулярнай рускай песні "Вячэрні звон" выклікалі сапраўдна захапленне. З прыгожым лірычным прысвячэннем Я.Купалу, што было напісана тут жа і зараз – экспромтам, выступіла паэтэса Святлана Елісеева. Кранальных нотак у атмасферу мерапрыемства дадала прапанова паэтэсы Людмілы Нідрагайлавай усім разам “праспяваць нашу "Купалінку". У адно імгненне пад уплывам чароўнай аўры народнага беларускага мастацтва прастора невялічкай залы нібыта пашырылася, а людзі, якія сабраліся ў ёй, адчулі адзінства і згуртаванасць вакол сваіх вытокаў, вакол вобраза паэта, лёсам якога стала шчырая песня любові да роднага народу і роднай зямлі:

 

Буду пець не за славу, праз вас абяцаную;

Буду пець, бо люблю свайго краю паляны.

Буду пець, бо люблю сваю песню загнаную;

Буду пець, бо мне дар гэты доляй пасланы.                                                                                                                                                              

                                                                                                                                               

Дзмітрый РАДЗІВОНЧЫК

Фота Віктара Субача.