Ракуцёўскае лета


Ракуцёўскае лета

14.08.2017                                            Новости


У нядзелю, 30 ліпеня, на Маладзечаншчыне, у Ракуцёўскім філіяле музея Максіма Багдановіча адбылося традыцыйнае свята “Ракуцёўскае лета”. Сёлета ў святочны настрой дадаліся ноткі суму: у гэтым годзе споўнілася 100 год са дня яго смерці.

Надвор’е спрыяла прыхільнікам таленту вядомага беларускага песняра. Гарачае летняе сонейка ласкава глядзела на шматлюднае ў той дзень падвор’е Ракуцёшчыны, дзе ў далёкім  1911 годзе летаваў Максім Багдановіч. Супрацоўнікі музея на чале з яго дырэктарам Марынай Міхайлаўнай Запартыкай і адміністрацыяй Маладзечанскага раёна зладзілі цудоўны канцэрт-ушанаванне памяці Максіма Багдановіча. Сярод выступоўцаў, якія гаварылі пра песняра з любоўю і павагай, былі прадстаўнікі Латвіі і Расіі (Крым, горад Ялта, дзе памёр паэт). З імправізаванай сцэны, якая размясцілася сярод сакавітай зеляніны, гучалі ўспаміны пра жыццё паэта, яго вершы, а таксама ліліся песні тых далёкіх гадоў, якія пелі жанкі ў полі і якія любіў слухаць Максім Багдановіч.

Да ўдзелу ў мерапрыемстве ў гэтым годзе былі запрошаны і паэты Міншчыны. Са святочнай пляцоўкі свае вершы чыталі старшыня Мінскага аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Святлана Быкава, паэтка Валянціна Гіруць-Русакевіч з Валожына. З нязменнай гітарай выйшаў на сцэну Уладзімір Цанунін, які таксама чытаў свае вершы і спяваў песні.

… А з вялікага партрэта, які быў размешчаны на сцэне, на ўсіх выступоўцаў і гасцей свята паглядаў Максім Багдановіч – малады, прыгожы... жывы. Усім вядома, што чалавек жыве датуль, пакуль яго памятаюць.   

                                                                                                                 

Святлана БЫКАВА,

старшыня Мінскага абласнога аддзялення     

ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”