Твае "Хлебныя словы". Незвычайны літаратурны конкурс прапануе сваім чытачам “Сельская газета”


Твае

15.08.2017                                Новости


У суботу ў чырвоным кутку на першай старонцы “СГ”, аздоблены нацыянальным арнаментам, друкуецца “Беларускі ручнік”. Самае каштоўнае месца на галоўнай газетнай старонцы мы наўмысна аддаём паэзіі. Упэўнены: праца хлебароба, родныя вытокі, вёска, маці і хлеб павінны апявацца паэтычным радком. Нездарма ж кажуць: будзе хлеб — будзе і песня. Свой творчы ўнёсак мы прапануем зрабіць кожнаму чытачу “СГ”, таму запрашаем да ўдзелу ў новым літаратурным конкурсе.

Распачынаем наш праект у самаю гарачую пару для хлебаробаў таксама не выпадкова. Як і заўсёды, у рэдакцыю прыходзяць лісты ад нашых чытачоў — ужо вопытных ці пачынаючых аўтараў. Апошнія, ведаючы, што “Беларускі ручнік” можа стаць для іх творчым трамплінам у вялікую літаратуру, прапануюць для друку свае вершы.

Адно з такіх патрапіла да нас ад Людмілы Карчэўскай са Століна. Аўтар расказала, што натхнілася на стварэнне верша літаральна некалькі дзён таму. Даведалася, што абласныя “Дажынкі” пройдуць на яе малой радзіме — у Давыд-Гарадку. “Для мяне, інжынера-тэхнолага, чалавека па прафессіі з сельскай гаспадаркай не звязанага, было справай гонару падтрымаць нашых аграрыяў, — лічыць Людміла Мікалаеўна. — Трэба выказаць ім словы падзякі і захаплення, таму што ў іх руках — харчовая бяспека краіны. Дый праца гэта цяжкая. Ведаю гэта не па чутках: мае блізкія многа гадоў у свой час працавалі ў мясцовым калгасе “40 гадоў Кастрычніка”. Ад світання да заходу сонца яны ў полі, і для многіх з іх поле — гэта ўсё жыццё”.

Паважаныя чытачы! Прапануем і вам праз газету і паэтычны радок скіраваць шчырую падзяку тым, хто гадуе хлеб, хто жыве ў вёсцы і працуе там, стараючыся кожны свой дзень прысвяціць роднай зямлі.

Мы вырашылі назваць і наша творчае спаборніцтва сімвалічна — як верш Пімена Панчанкі “Хлебныя словы”. Да ўдзелу ў конкурсе запрашаем аўтараў зусім розных прафесій, узростаў, жыхароў гарадоў і вёсак.

Самыя прыгожыя вершы мы надрукуем. Вызначым і пераможцаў, якім уручым каштоўныя ўзнагароды. Да праекта, дарэчы, ужо далучыўся Саюз пісьменнікаў Беларусі. Намеснік СПБ вядомы літаратар Анатоль Крэйдзіч паабяцаў удзельнічаць ў рабоце конкурсу, у тым ліку ў абмеркаванні лепшых твораў.

Вынікі спаборніцтва мы падвядзем у лістападзе — напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу. А пакуль — друкуем верш, з якога і пачынаем літаратурную бітву.

Чакаем лістоў на адрас: г. Мінск, вул. Б. Хмяльніцкага, 10а, ці паведамленняў на электронную скрыню sg@sb.by (з паметкай «Хлебныя словы»)

Людміла КАРЧЭЎСКАЯ

Я мужык-працавік

Я мужык-працавік,

Я раненька ўстаю,

Хлеб і соль на стале,

Сала ў торбу кладу.

У полі трактар гудзе,

Пахне ворнай зямлёй,

Рана сонца ўстае

Над маёй галавой.

Вадзічка з крынічкі

Паіла ад спёкі,

Давала мне сілы

Да кожнай разоркі.

Я прылягу ў траве,

Каб крыху адпачыць,

І зямлю абдыму,

Бо дае людзям жыць.

Праца скончана ўжо,

Сонца ціха зайшло,

Конік звонка трашчыць,

У душу льецца святло!

Асвячу я зямлю,

Дожджык ціха палье,

Зашумяць каласы,

Зерне сокам налье.

Потым ў жыта зайду,

Абдыму каласкі.

Там знайду васількі,

Іх нарву для красы!