Галасы сяброўства


Галасы сяброўства

24.08.2017                                 Новости 


Ангеліна спачатку нясмела падышла да мікрафона на сцэне актавай залы сталічнага Дома літаратара. Адна справа выступаць перад сябрамі, знаёмымі з вілейскай школы, і зусім іншая – калі тваімі слухачамі з’яўляюцца прызнаныя майстры слова, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, а са сцен так унікліва пазіраюць з партрэтаў Янка Купала і Іван Шамякін, Васіль Быкаў і Уладзімір Караткевіч, іншыя класікі беларускай літаратуры. Але злавіла падбадзёрваючы позірк дзядулі, паэта Віктара Кажуры, і няўпэўненасць знікла. Загучалі шчырыя вершаваныя радкі пра маму, Радзіму.

Ангеліна Прохарава – малодшая ўдзельніца святочнага канцэрта, што быў наладжаны 18 жніўня ў рамках міжрэгіянальнага форуму маладых пісьменнікаў Мінскай і Гомельскай абласцей. Больш як дзве гадзіны працягвалася гэтае мерапрыемства, дзе мелі магчымасць прадэманстраваць свае паэтычныя, музычныя здольнасці маладыя творцы. Адкрываючы канцэрт, старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Святлана Быкава заўважыла, што ёсць каму і ёсць што перадаць нашчадкам з творчай спадчыны маладога пакалення. Упершыню адбыўся падобны абмен здабыткамі пачынаючых, але ўжо заявіўшых пра сябе паэтаў, празаікаў, музыкаў, якія ў будучым стануць паўнапраўнымі сябрамі творчых суполак.

Годна прадставілі свой рэгіён гамяльчане. Апладысментамі сустракалі гледачы выступленне кіраўніка народнага калектыву “Арт-кафэ на Ірынінскай”, члена Міжнароднага саюза пісьменнікаў і дзеячаў мастацтваў Дзмітрыя Нілава, выкладчыка Гомельскага дзяржаўнага кадеджа мастацтваў Кацярыны Леўчанка, дыпламанта міжнароднага фестывалю-конкурса вершаў і паэтычных перакладаў “Берагі сяброўства” Анастасіі Дарошчанка, паэтаў, выканаўцаў Сяргея Старыкава і Вячаслава Кізіна.

Багатай, разнастайнай была і творчая палітра выступоўцаў з розных рэгіёнаў Міншчыны. Не сорамна было Таццяне Атрошанка, паэтцы і спявачцы з Маладзечаншчыны, за выступленне дачкі Дар’і, тройчы фіналісткі дзіцячага “Еўрабачання”, якая таксама прадэманстравала някепскія паэтычныя і вакальныя даныя. Своеасаблівым каларытам, непасрэднасцю, маладзёжным запалам, творчымі знаходкамі вызначаліся нумары Маргарыты Прыка, Міхася Бацяна, Ганны Небаўсенка з Мінска, Андрэя Чарняўскага з Вілейкі, Веранікі Луня з Нясвіжскага раёна, Вольгі Маладцовай і Ганны Елецковай з Мінскага, Алеся Яфімава з Міёраў. Пераважная большасць вершаваных і празаічных радкоў гучала на беларускай мове, што надало мерапрыемству ў Доме літаратара своеасаблівы нацыянальны каларыт. Цёпла сустрэлі гледачы і выступленне госця нашай сталіцы з Санкт-Пецярбурга паэта Яўгенія Дзьяканава.

А наогул праграма форума, разлічаная на чатыры дні, была насычана многімі цікавымі мерапрыемствамі. 17 жніўня госці прынялі ўдзел у пасяджэнні вочна-завочнай школы “Са-творчасць” пры абласным аддзяленні пісьменніцкай арганізацыі, дзе К. Леўчанка падчас своеасаблівага майстар-класа расказала дзецям пра працэс стварэння песні. Назаўтра ў час плянарнага пасяджэння адбылася зацікаўленая размова з удзелам намеснікаў старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алены Стэльмах, Анатолія Крэйдзіча, кіраўніка Мінскага абласнога аддзялення Святланы Быкавай, кіраўніка абласнога народнага клуба кампазітараў і паэтаў “Жывіца” Ірыны Карнавухавай, супрацоўнікаў часопісаў “Полымя”, “Маладосць”. 19 жніўня маладыя творцы наведалі літаратурныя музеі Янкі Купалы і Якуба Коласа ў сталіцы, Свята-Елізавецінскі манастыр у Навінках. З цікавасцю слухалі гасцей з поўдня Беларусі сябры клуба “Жывіца”.

– Спадзяёмся, што такім чынам наладжаныя кантакты паміж рэгіёнамі будуць мець працяг, – расказвае намеснік старшыні Мінскага абласнога пісьменніцкага аддзялення Бажэна Ганушкіна (дарэчы, яна была ініцыятарам, сцэнарыстам гэтых сустрэч, вядучай на святочным канцэрце). – Мы атрымалі запрашэнне на ўдзел у дэкадзе сучаснай беларускай літаратуры Гомельскай вобласці, што пройдзе з 30 жніўня па 8 верасня. Падобныя мерапрыемствы спрыяюць добрасуседскім адносінам, пошуку маладых талентаў і папаўненню радоў творчага саюза.

Віктар Сабалеўскі