Мелодыя радка


Мелодыя радка

06.09.2017                          Новости 


Лёгка, узнёсла, годна на свяце пісьменства над старажытным Полацкам лунала мелодыя паэтычнага радка. Сталічныя госьці – літаратары Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі – прывезлі на ўрачыстае мерапрыемства добры настрой, пазітыў і лепшыя творы, якія прагучалі з пляцоўкі “Слова пісьменніка”. З прывітальным словам ад сталічных калег выступіў старшыня МГА СПБ паэт Міхась Пазнякоў.

Міхась Паўлавіч выканаў некалькі вершаў, лейтматывам якіх была любоў да роднай мовы, краіны, маці, і прадставіў вядучую паэтычнага свята супрацоўніка МГА СПБ паэтэсу Іну Фралову. Сваё паэтычнае прызнанне прысутным падарылі паэты Сяргей Давідовіч, Анатоль Аўруцін, Уладзімір Мазго, Валерый Максімовіч, Валянціна Паліканіна, Дзмітрый Пятровіч, Вольга Шпакевіч, Іна Фралова. Тэматыка вершаваных твораў, як і сама паэзія, была вельмі разнастайная. І сярод іншых тэм гучалі вершы прысвечаныя Полаччыне і яе знакавым асобам.

Празік Сяргей Трахімёнак узгадаў пра свае полацкія карані, прэзентаваў некалькі апошніх кніг і падняў градус настрою жартоўнымі, але праўдзівымі гісторымі з творчага жыцця. З першага моманту завалодала сэрцамі гледачоў спявачка Ірына Сапунова, якая выканала некалькі твораў на словы паэта-песенніка Фёдара Баравога. “Завялі” публіку артыст, кампазітар і спявак Сяргей Кравец, бард і паэтэсаТаццяна Жылінская.

Паэты і творчыя госці натхнялі і натхняліся, бо само паветра дыхала ўрачыстай радасцю свята.

Ганна СТАРАДУБ

Фота Марыны ПАРХІМЧЫК