Слова пра публіцыстыку


Слова пра публіцыстыку

12.01.2024                                                          Новые книги


«Наперад ісці чалавеку гуманнаму…”. Беларуская мастацкая публіцыстыка ХХ-ХХІ стагоддзяў» – такую назву атрымала новая кніга нашай калегі па Саюзе пісьменнікаў Беларусі, вучонага, педагога Аліны Сабуць (Мінск, Выдавецкі дом «Звязда», 2023).

 

У выданні аналізуюцца публіцыстычныя творы класікаў і сучаснікаў беларускай літаратуры: Я. Коласа, З. Верас, Я. Купалы, М. Гарэцкага, Цёткі, Л. Клейнбарта, А. Лойкі, Р. Барадуліна, Д. Бічэль, М. Стральцова, Г. Тварановіч, Г. Пашкова, А. Адамовіча, У. Караткевіча і іншых аўтараў, што выяўляе спецыфіку жанраў эсэ і нарыса ў айчыннай мастацкай публіцыстыцы. Характарызуецца адметнасць нацыянальнай мастацкай публіцыстыкі ХХ-ХХІ стст. праз дамінантныя канцэпты і мадэлі, жанрава-тэматычны дыяпазон, а таксама раскрыта тэндэнцыя да эсэізацыі ў айчынным і еўрапейскім публіцыстычным дыскурсе. Выданне кнігі прымеркавана да Году міру і стварэння, бо менавіта чалавеказнаўчы пачатак беларускай мастацкай публіцыстыкі, яе так званае «чалавечае вымярэнне» вызначаюць гуманістычны патэнцыял і прыярытэты для беларускай нацыі.

 

Адрасавана літаратуразнаўцам, аматарам беларускага пісьменства. 

 

Анатацыя

 

***

 

Змест кнігі Аліны Сабуць «”Наперад ісці чалавеку гуманнаму…”. Беларуская мастацкая публіцыстыка ХХ-ХХІ стагоддзяў» складаецца з раздзелаў: «Эсэ як феномен замежнай мастацкай публіцыстыкі»; «Жанравая паэтыка беларускай мастацкай публіцыстыкі»; «Ідэйна-тэматычная поліфанія нацыянальнай мастацкай публіцыстыкі»; «Канцэпты і мадэлі як модусы публіцыстычнай мастацкасці»; «Дыялогавыя мадэлі ў мастацкай публіцыстыцы ХХ-ХХІ стст.». Тыраж новага выдання 500 экзэмпляраў.

 

 

Для даведкі

 

Сабуць Аліна Эдмундаўна – літаратуразнаўца, літаратурны крытык. Кандыдат філалагічных навук, дацэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Даследчык гісторыі беларускай літаратуры ХХ-ХХІ стст., яе рэцэпцыі ў сусветным кантэксце. Аўтар звыш 200 публікацый, у тым ліку раздзелаў акадэмічнага выдання «Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя» ў 4 тамах (т. 4, кн. 2; 1986-2000; 2003), вучэбна-метадычных дапаможнікаў «Беларуская дзіцячая літаратура» (2008), вучэбна-метадычных дапаможнікаў «Беларуская літаратура ў кантэксце сусветнай» (2001), «Рыгор Барадулін і сучасная беларуская лірыка» (2001), «Гісторыя беларускай літаратуры (пачатак ХХ стагоддзя)» (2002), манаграфіі «Літаратурныя дыялогі: мастацкія пошукі беларускай літаратуры ХХ-ХХІ стагоддзяў» (2022). Лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

 

САЮЗ ПІСЬМЕННІКАЎ БЕЛАРУСІ

Гродзенскае абласное аддзяленне

 

 

www.pisateli.by

  

 

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси