Зазірнуць у кніжны сусвет


Зазірнуць у кніжны сусвет

30.01.2024                                                          Новости


“Карпатлівая праца пісьменніка, і доўгая дарога да чытача” – магчыма, так можа сказаць сучасны аўтар пра нараджэнне сваёй новай кнігі. У Брэсцкай гарадской бібліятэцы імя А.С. Пушкіна на літаратурна-музычнай вечарыне “Мой сусвет – кніга” былі прадстаўлены кніжныя набыткі творцаў Брэстчыны за мінулы год.

Вядучая сустрэчы Наталля Арцемчык адзначыла, што ў 2023 годзе кніжны сусвет Брэстчыны абагаціўся 23 новымі выданнямі, сярод якіх – 16 аўтарскіх кніг.

Падчас відэа-прэзентацыі ішла гаворка пра кнігі, якія пабачылі свет у выдавецкім доме “Звязда”. Кожная з іх мае адметны і непаўторны шлях да прыхільнікаў мастацкага слова. Зборнік паэзіі “Чыстая музыка неба”, у які ўвайшлі паэтычыя творы трох выбітных паэтаў-землякоў Міколы Антаноўскага, Міколы Бусько і Анатоля Шушко, на працягу года быў прадстаўлены на кніжных святах у бібліятэках Баранавіцкага і Пінскага раёнаў, старонках рэспубліканскіх і абласных выданняў; дакументальная аповесць-эсэ “Галавасек” Анатоля Бензерука, прысвечаная трагічным падзеям в.Драмлёва ў гады ваеннага ліхалецця, выклікала ў прадстаўнікоў розных пакаленняў самыя глыбокія пачуцці, абудзіла сямейныя ўспаміны; героі дзіцячай кнігі Таццяны Дземідовіч “МармеЛаднае лета” падарылі маленькім чытачам яркія і светлыя сустрэчы.

Упершыню творчасць пісьменнікаў-гумарыстаў з Брэстчыны трапіла ў серыю кніг выдавецтва “Чатыры чвэрці” “Несур’ёзна пра сур’ёзнае”. Кнігі Таццяны Дземідовіч “Абое рабое” і Віктара Рэчыца “Дзве рапсодыі” абавязкова выклічуць у чытачоў добрую ўсмешку.

У папулярным жанры нон-фікшн працуе пісьменнік з Бярозы Анатоль Бярнацкі. Назва яго кнігі, што выйшла ў выдавецтве “Беларусь”, гаворыць сама за сабе – “Загадочный мир белорусской природы”. Выступаючы ў ролі вопытнага “экскурсавода”, аўтар знаёміць юных пазнаек з хараством роднага краю.

Сярод цікавых выданняў – кніга з лунінецкімі каранямі “Крепкой дружбой связаны школьные товарищи и учителя”, складальнікам якой з’яўляецца Таццяна Канапацкая, і перававыданне зборніка эсэ Анатоля Дзенісейкі “Любовь в огне войны” з дадаткам “Мир книги глазами читателя. Обратная связь”.

Чысцінёй пачуццяў, прамяністым успрыманнем навакольнага свету адзначаюцца паэтычныя “вяночкі” іванаўскага паэта Васіля Жушмы “Кахання зорныя кастры” і Таццяны Шульгі з Брэста “От весны до весны”, а аўтар кнігі “ Я веру! “ Васіль Казачок з в.Гарадная Столінскага раёна праз паэтычнае слова імкнецца прыцягнуць увагу чатача да сваёй малой радзімы, да багатай духоўнай спадчыны беларусаў.

Жывым дыялогам паміж аўтарам і чытачамі, падручнікам для маральнага выхавання можна назваць кнігу Мікалая Кавалевіча “Перед иконою земли: стихотворения, отзывы, статьи, уроки”.

У пінскай рэгіянальнай друкарні “нарадзілася” яшчэ адна кніга – п’еса для дзяцей і дарослых ”Марыська-папараць” Анатоля Крэйдзіча. У аснове тэксту – фальклор драгічынска-іванаўскага рэгіёна і прылеглых тэрыторый. Кнігу багата і маляўніча праілюстравала дачка пісьменніка – Кацярына, выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Рэкардсменам па кнігавыданні ў 2023 годзе стала кобрынскі аўтар Наталля Кандрашук. Паэтычныя кніжкі для самых маленькіх дзетак “Переводчик” і «Игрушечная математика» дапамогуць чытачу зрабіць упэўненыя крокі да ведаў, зборнікі вершаў на рускай мове “На изломе строки” і беларускай “Лабірынты летуценняў” натоляць аматараў паэзіі смакам паэтычнага слова, а ў зборніку духоўнай паэзіі “Свет нельзя утаить” паэт ўздымае вечныя пытанні быцця і чалавечага лёсу.

Прысутныя ўспомнілі цікавыя падзеі і творчыя адкрыцці, якія знайші адлюстраванне на старонках чатырох выпускаў літаратурна-краязнаўчага альманаха “Астрамечаўскі рукапіс” і юбілейнай “Берасцейскай скарбніцы-5”.

Пра свае публікацыі ў міжнародных, рэспубліканскіх зборніках распавяла Зінаіда Дудзюк, творчымі набыткамі падзяліліся паэты Васіль Барысюк, Аксана Валуй, Вера Вакула, аўтар лірічных абразкоў Ірына Фаміна, госці з Кобрына Марына Міхалюк і Алена Котава.

Паэтычныя выступленні, абмеркаванні кніг перамяжоўваліся з выступленнем хора “Вераснёвы звон” пад кіраўніцтвам Наталлі Шосцік, што дало магчымасць прысутным атрымаць асаблівую асалоду ад палётнасці думак, абуджэння пачуццяў, вечнага саюза – паэзіі і музыкі. Прагучалі абрадавы песні, прысвечаныя калядным святам на розных мовах. Асаблівай пяшчотай кранула сэрцы прысутных выкананне песні “Пакуль ты спіш” на музыку Г. Гедзік і словы З. Дудзюк юнай спявачкі, навучэнкі гімназіі №3 г.Брэста Соф’і Івановай.

                                                                  Таццяна Анатольева

 Фота – Наталля Арцемчык

 

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси