Падарунак ад усяго сэрца


Падарунак ад усяго сэрца

05.02.2024                                                          Новости


Лепшы падарунак для бібліятэкі – гэта кнігі. Так, на днях прыемным падарункам для нашай бібліятэкі стала кніга «Вярбіна» пісьменніцы з Гомельшчыны Ганны Атрошчанка.

Ганна Мікалаеўна Атрошчанка доўгі час працавала журналістам, рэдактарам аддела, намеснікам галоўнага рэдактара ў гарадскіх газетах г. Гомеля. У творчай скарбонцы займела дваццаць асабістых зборнікаў паэзіі і прозы.

Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, Міжнароднага саюза пісьменнікаў і майстроў мастацтваў, Беларускага саюза журналістаў. Піша вершы і прозу, казкі для дзяцей. За шматгадовую літаратурную дзейнасць узнагароджана юбілейным нагрудным знакам «За ўклад у станаўленне і развіццё аддзялення», памятным медалём «Кірыла Тураўскі. Асветнік. За ўклад у літаратуру». За ўдзел ва Усерасійскім штогадовым конкурсе «Героі Вялікай Перамогі» атрымала памятны медаль. Пераможца шматлікіх абласных, рэспубліканскіх, расійскіх літаратурных конкурсаў. Лаўрэат конкурсу «Нацыянальная літаратурная прэмія «Золотое перо Руси».

У новай кніжцы «Вярбіна» чытачы сустрэнуцца с цікавымі сюжэтамі, якія адкрываюць дзверы ў таямніцы прыроды. Таксама запомняцца старажытныя паданні і легенды. Беларускія казкі заўсёды цікавілі не толькі маленькіх дзетак, падлеткаў, але нават і дарослых людзей. Неабходна адзначыць, казкі павінны вучыць толькі дабрыні, выхоўваць патрыятызм у юнага пакалення, прывіваць любоў да роднай Айчыны, культуры і мовы. Прыемна, што казкі заўсёды запатрабаваныя чытачамі. Яны дапамагаюць зразумець усе з’явы, якія адбываюцца ў навакольным асяродку, развіваюць мысленне і вучаць шмат чаму карыснаму. Недарэмна кажуць: змястоўная казка – для кожнай душы ласка.

Брэсцкая цэнтральная гарадская бібліятэка імя А.С. Пушкіна ад усяго калектыву і нашых чытачоў выказвае велізарную падзяку за такі каштоўны дар. Упэўнены, што кніга, перададзеная ў бібліятэку, не толькі зойме сваё месца на кніжных паліцах, але і знойдзе свайго прыхільніка.

 Па інфармацыі Брэсцкай гарадской бібліятэкі імя А.С. Пушкіна

 

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси