У памяць паэтаў-сяброў


У памяць паэтаў-сяброў

05.02.2024                                                          Новости


 “Сяброў маіх цудоўныя абліччы…”, – так называлася вечарына, прысвечаная памяці вядомых беларускіх паэтаў Міколы Шабовіча і Дзмітрыя Пятровіча, якая прайшла ў публічнай бібліятэцы № 5 г. Мінска. Мерапрыемства зладзіў Клуб творчых жанчын “Спадарыня”, створаны пры Мінскім гарадскім аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Нагодай для вечарыны памяці было 65-годдзе Міколы Шабовіча, якое адзначалася ў студзені. Аднак члены клуба вырашалі ўспомніць творчасць абодвух паэтаў: іх аб’ядноўвала сапраўднае мужчынскае сяброўства і шматгадовае плённае супрацоўніцтва.

Пісаць свой лёс – не вершы ўсё ж пісаць,

Не музыку і нават не аповесці.

Пісаць свой лёс – як іскру выкрасаць

З інертнасці людской і безжыццёвасці.

 

Імкнуцца свет не толькі зразумець,

Але й змяніць – да лепшага, да вышняга…

Для гэтага патрэбна мудрасць мець,

Ды і сябры, як правіла, не лішнія.

 

Гэта радкі з верша Міколы Шабовіча, прысвечанага Дзмітрыю Пятровічу. Слова Паэта да Паэта… Аднак на самым пачатку гэта былі адносіны  Настаўніка і Вучня. Мікола Шабовіч, паэт, педагог, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства БДПУ імя М. Танка быў выкладчыкам у таленавітага студэнта Дзмітрыя Пятровіча, які пісаў вершы і песні. Пройдзе час, і як літаратары яны стануць упоравень. Дзмітрый Пятровіч, паэт, перакладчык, бард, напіша багата цудоўных вершаў і больш за 100 лірычных песень, з іх 30 – на словы Міколы Шабовіча.

Два таленавітыя літаратары, два верныя сябры, два асілкі – яны заўчасна пайшлі з жыцця падчас пандэміі, адзін за адным, пакінуўшы нам багатую спадчыну: вершы, эпіграмы, песні, пераклады... Дзмітрый Пятровіч ‒ яшчэ і празаічныя творы.

Мікола Віктаравіч і Дзмітрый Леанідавіч былі частымі гасцямі на пасяджэннях Клуба “Спадарыня”, неаднойчы разам з намі выступалі на розных імпрэзах, творчых сустрэчах, кніжных выстаўках і паэтычных фестывалях. Таму кожнай з сябровак Клуба было што ўспомніць і расказаць пра гэтых прыгожых, годных людзей. Многія з удзельніц вечарыны прынеслі кнігі паэтаў-сяброў з іх арыгінальнымі аўтографамі.

Мерапрыемства прайшло ў светлай душэўнай атмасферы. Гучалі вершы Міколы Шабовіча і Дзмітрыя Пятровіча, песні, напісаныя на іх словы, а  таксама вершы, напісаныя ў памяць паэтаў-сяброў. Цёплае слова пра калег-літаратараў сказаў старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, вядомы паэт Міхась Пазнякоў. Сваімі ўспамінамі падзяліліся сяброўкі Клуба “Спадарыня”: Вольга Шпакевіч, Лізавета Палеес, Аліна Легастаева, Таццяна Плашчынская, Святлана Яфрэмава. Паэтка Валянціна Паліканіна прачытала вершы Мікалая Шабовіча, якія яна пераклала на рускую мову, а пісьменніца, паэтка, Таццяна Дашкевіч, наадварот, праспявала песні свайго мужа, вядомага барда, Мікалая Шыпілава, тэксты якіх Мікола Шабовіч пераклаў на беларускую мову.

Таксама на працягу ўсёй вечарыны з экрана вялікага бібліятэчнага тэлевізара гучалі песні на словы паэтаў-сяброў у выкананні Віктара Мяцельскага.  Таленавіты спявак і кампазітар адгукнуўся на нашу просьбу і даслаў з Пінска свае кліпы.

…Пісаць свой лёс – як вечны зніч гарэць.

А нехта скажа: “Што ўжо сілай мерацца?!”

Усё адно за часам не паспець

Ні ў Беларусі, ні ў “крутой” Амерыцы.

Паэты Мікола Шабовіч і Дзмітрый Пятровіч гарэлі “як вечны зніч”,   імкнуліся змяніць свет “да лепшага, да вышняга” і сілай таленту між сабой не мераліся. Такімі яны і застануцца ў памяці блізкіх, сяброў, калег-літаратараў і чытачоў, аматараў  беларускай паэзіі.

Тамара БУНТА, кіраўнік Клуба творчых жанчын “Спадарыня”.

Фота з пасяджэння Клуба “Спадарыня” – аўтара; фота Дзмітрыя Пятровіча і Міхася Шабовіча, удваіх, – з інтэрнету).

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси