Жыццё рыфмуецца з любоўю…


Жыццё рыфмуецца з любоўю…

07.02.2024                                                          Новости


Таццяна Юр'еўна Шульга прымала віншаванні з юбілеем у Брэсцкай гарадской бібліятэцы імя А.С.Пушкіна

Вядучая сустрэчы Наталля Арцемчык пазнаёміла прысутных з выставай кніг  Таццяны Юр'еўны і выданняў з яе ўдзелам «Так случилось: пишутся стихи», распавяла пра жыццёвы і творчы шлях паэта.

Старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі  Таццяна Дземідовіч уручыла юбіляру Грамату  «За плённую літаратурную працу, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці і ў сувязі з 70 –гадовым юбілеем» ад старшыні ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Алеся Карлюкевіча.

Таццяна Анатольеўна  падзякавала пісьменніцы за  вялікую працу  з моладдзю. Таццяна Юр'еўна да выхаду на пенсію ўзначальвала літаратурны клуб  «Лира» пры Брэсцкім тэхнічным універсітэце. У разныя гады ў бібліятэцы прэзентаваліся выпускі  паэтычных зборнікаў «И физики, и лирики», у якіх друкаваліся творы таленавітых студэнтаў. Пры падтрымцы сваёй настаўніцы дэбютавалі многія маладыя паэты. І сёння Таццяна Юр’еўна часты госць пагранзастаў, воінскіх часцей. «Сардэчна віншуем Вас сёння з ганаровай юбілейнай датай, да якой Вы падыходзіце з вялікім багажом дасягненняў, адкрыццяў, кніг, сапраўдных сяброў, правераных часам, зацікаўленых чытачоў і прыхільнікаў вашага выдатнай творчасці»,  падкрэсліла Таццяна Дземідовіч.

Дырэктар Брэсцкай гарадской бібліятэцы імя А.С.Пушкіна Святлана Гарадзецкая ўспомніла паэтычныя альбомы  Таццяны Шульгі «Кистью и словом», «Уральский плэнер», «Любимый город». Гэтыя сумесныя праекты з мастакамі  сталі яркай падзеяй у літаратурным жыцці Брэста, а  паэтычна-мастацкі альбом «Любимый город», створаны сумесна з брэсцкім  мастаком Ігарам Раманчуком, – цудоўнай візітоўкай горада над Бугам.  Святлана Гарадзецкая прачытала вершы са зборніка Таццяны Шульгі «От весны и до весны», якія яе кранулі  глыбінёй пачуццяў, чысцінёй думак.

Калега па пяры,  загадчык аддзела абслугоўвання Ірына Фаміна падкрэсліла, што Таццяна Юр’еўна для яе даўно  стала сябрам, «сябрам, які знаходзіць словы для майго сэрца, прывучае да веры маю душу…». За гады сяброўства і супрацоўніцтва  Ірына Фаміна напісала водгукі на кнігі паэта, якія былі змешчаны ў свой час у сацыяльных сетках. «Ад вершаў Таццяны Юр’еўны становіцца светла і спакойна.  Тут няма рэзкіх паваротаў і рыўкоў, а ёсць плаўны пераход ад вясны да лета, ад восеньскага дня да каляндарнай зімы»,  – распавядае Ірына Фаміна, аналізуючы кнігу «От весны и до весны…»

І, канешне, гучалі новыя вершы   ў аўтарскім выканнані, радкі, якія пакуль жывуць у сшытку і напісаны ад рукі.

Лёгкіх крылаў натхнення, новых твораў,  выдатных кніг з вялікімі тыражамі, чытачоў, якія будуць з нецярпеннем чакаць новых твораў, у гэты святочны дзень жадалі Таццяне Юр’еўне прыхільнікі яе творчасці.

                Па інфармацыі Брэсцкага абласнога аддзялення

Саюза пісьменнікаў Беларусі

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси