Літаратурнае падарожжа на Мядзельшчыну


Літаратурнае падарожжа на Мядзельшчыну

12.02.2024                                                          Новости


Творчы дэсант у складзе пісьменнікаў Мінскага гарадскога аддзялення СПБ Генадзя Пашкова, Андрэя Скарынкіна, Іны Фраловай, Васіля Шырко завітаў на Мядзельшчыну. Да літаратараў далучылася народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч.

З творчым удзелам гасцей у вялікай зале Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Зубраня» адбылося літаратурна-музычнае свята. Марыя Георгіеўна Захарэвіч падзялілася ўражаннямі ад сустрэчы з малой Радзімай. Васіль Аляксандравіч Шырко прадставіў кнігу казак «Дзед Манюкін і ўнукі» і прачытаў верш пра Беларусь, які быў напісаны на пачатку творчага шляху. Генадзь Пашкоў згадаў колішнія сустрэчы са  школьнікамі ў гэтай установе, распавёў пра цікавыя моманты сваёй біяграфіі і прачытаў верш-прысвячэнне Марыі Захарэвіч. Андрэй Скарынкін згадаў свае летнія вакацыі ў «Зубраня», а напрыканцы выканаў песню на словы Янкі Купалы «Спадчына»  Паэтэса і вядучая мерапрыемва Іна Мікалаеўна Фралова прачытала вершы пра малую Радзіму. А таксама ад імя пісьменніцкай арганізацыі перадала ў бібліятэку ўстановы кнігі сучасных дзіцячых аўтараў і анталогію «Сучаснай дзіцячай літаратуры краін СНД».

Пасля мерапрыемства юныя прыхільнікі высокага слова запрасілі гасцей у  атрады. У школьнікаў з'явілася магчымасць пазнаёміцца, задаць пытанні творчым госцям, расказаць пра свае любімые кнігі, падзяліцца ўласнымі ўражаннямі.

Далей маршрут «Літаратурнага падарожжа» ляжаў у райцэнтр Мядзел. Госці ўсклалі кветкі да помніка Максіму Танку, згадалі творчасць народнага паэта.

Прывітаць сваю славутую землячку Марыю Георгіеўну Захарэвіч, а разам з ёй і пісьменнікаў прыйшлі супрацоўнікі бібліятэкі, журналісты мясцовай газеты, творчая інтэлегенцыя.

Завіталі творчыя госці таксама ў Храм Святога Прарока Іліі, што ў аграгарадку Ілья Вілейскага раёна. Настаяцель іярэй Андрэй Громаў пазнаёміў з гісторыяй Храма, згадаў легенды, звязаныя з яго ўзнікненнем. А таксама зрабіў невялікі гістарычны экскурс: расказаў пра разбураную ў богаборчы час Свята-Георгіеўскую царкву ў вёсцы Шыпкі, царкву Свяціцеля Мікалая ў Латыгалі, якая перажыла дзве сусветныя вайны і антырэлігійныя ганенні.

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси