Літаратурная вечарына «Сузор'е талентаў» адбылася на Гомельшчыне


Літаратурная вечарына «Сузор'е талентаў» адбылася на Гомельшчыне

01.11.2017                              Новости 


У цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя А.І. Герцэна адбылася літаратурная вечарына «Сузор'е талентаў», які арганізавала і правяла пісьменніцкая арганізацыя Гомельскай вобласці.


2017 год  запомніўся гомельскім літаратарам мерапрыемствамі да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, літаратурнымі прэміямі і конкурсамі, юбілеямі і новымі кнігамі. Падвесці некаторыя вынікі года ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы сабраліся члены абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі», а таксама маладыя аўтары-пачаткоўцы і аматары мастацкага чытання.

Творчая вечарына, якую правёў старшыня Гомельскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, празаік і публіцыст Уладзімір Гаўрыловіч, пачалася з ушанавання лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі 2017 года за кнігу “Характары” драматурга і празаіка Васіля Ткачова. Як адзначыў Уладзімір Гаўрыловіч, героі гэтага пісьменніка — шчырыя, сумленныя, здольныя з адказнасцю жыць і працаваць. Усе яны нясуць у сабе багаты свет дабрыні і адданасці бацькоўскаму куту, вернасці роднай беларускай зямлі. На яго творчым рахунку— некалькі кніг для дзяцей і дарослых, упэўнена адчувае ён сябе ў галіне сатыры і гумару, публіцыстыкі. Добра вядомы як драматург: спектаклі па асобных п’есах яго ставіліся ў тым ліку за межамі Беларусі. Васіль Ткачоў рэдкі  — псіхолаг, які ўмее паказаць багацце ўнутранага свету герояў, іх перажыванні, настроі душы. Яго апавяданні поўныя гумару і вельмі пасуюць да хатняга сямейнага чытання. Аўтар кніг “Жаночы вулей” (п’есы), “Снукер”, “Вячыстыя лясы Гомельшчыны” (краязнаўчыя эсэ), “Кто-то ходит за окном” (п’есы), “Тратнік”, “Мой рай зямны” і інш.

Так, шматгадовая праца творцы, які хутка адзначыць 70-годдзе, не засталася незаўважанай: атрымаў грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі на выданне зборніка сваіх п’ес. І вось у выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя” імя П. Броўкі выйшла кніга п’ес на беларускай мове “Характары” аб’ёмам 520 старонак, тыраж выдання – 2000 асобнікаў.
У кнігу ўвайшлі ў асноўным тыя творы, якія сёння запатрабаваны ў тэатрах: “Апошні” (“Белы ліст”), “Без Ягора будзе гора”, “Жаночы вулей”, “Марш Шульгіна”, “Стары і дарога”, “Flash”, “Веласіпед”, “Кветкі”, “Дошкі”, “Пераправа на Казанціп”, “Страказа і мурашык” і іншыя. Менавіта за гэтую кнігу творца удастоены звання лаўрэата Нацыянальнай прэміі па літаратуры ў галіне драматургіі.

Удзельнікі вечарыны цёплымі апладысментамі сустрэлі лаўрэата -члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, а ён дасціпна расказаў пра атрыманую прэмію, а таксама пра новы драматургічны твор, напісаны за кароткі час пад уплывам ягонага творчага прызнання. Урыўкі з мастацкіх твораў лаўрэата Нацыянальнай прэміі Беларусі прачыталі супрацоўнікі бібліятэкі і сам аўтар, яны сустракаліся апладысментамі. А кіраўнік пісьменніцкай арганізацыі ўручыў Васілю Ткачову дыплом Саюза пісьменнікаў з нагоды 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і кветкі, пажадаў далейшага творчага плёну і звычайнага чалавечага шчасця.

Затым адбыліся цёплыя ўшанаванні талентавітых літаратараў Гомельшчыны, якія сёлета адзначылі юбілеі - Мікола Ждановіч нядаўна адзначыў 60-годдзе,  а Аляксандр Каляда - 70 гадоў, а паэтэса Іна Спасібіна, якая ў 2017 годзе стала пераможцам V абласнога літаратурнага конкурсу «Праваслаўе – мая надзея», які праводзіўся Гомельскай епархіяй і Гомельскім абласным аддзяленнем ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі», а таксама пераможцам літаратурных конкурсаў пісьменніцкіх суполак Санкт-Пецярбурга, адсвяткавала 45-годдзе. Дарэчы, яна нядаўна была запрошана на афіцыйны прыём, як член СПБ і шматдзетная маці, з нагоды дня Маці ў Гомельскі аблвыканкам, дзе чытача лепшым маці вобласці свае паэтычныя радкі. А паэты Мікола Ждановіч і Аляксандр Каляда на вечарыне былі прадстаўлены і як паэты-песеннікі, на іх творы створаны дзясяткі папулярных песен. Так, у Аляксандра Каляды іх каля 50, да таго ж, адна з іх у рэпертуары знакамітага калектыва пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Удзельнікі вечарыны змаглі пачуць і пабачыць на экране выкананне песен на словы гомельскіх пісьменнікаў і падараваць ім цёплыя апладысменты. А ад імя СПБ Уладзімір Гаўрыловіч уручыў таленавітым творцам шматлікія ўзнагароды.

Напрыклад, Мікола Ждановіч стаў лаўрэатам абласной літаратурнай прэміі імя А.Грачанікава, яму аб’яўлена падзяка Міністэрства культуры Растоўскай вобласці за ўдзел у міжнародным праеце “Берагі сяброўства”. Пісьменнікі-актывісты аддзялення адзначаны граматамі і дыпломамі Саюза пісьменнікаў Беларусі і Гомельскага аддзялення. Іх творы са сцэны чыталі калегі, супрацоўнікі бібліятэкі імя Герцэна,  пра шматгадовае сяброўства з Міколам Ждановічам падзяліўся паэт Міхась Болсун…

А далей Уладзімір Гаўрыловіч прэзентаваў новыя кнігі. Выдадзены зборнік гомельскіх і краснадарскіх літаратараў “Славянскае сонца” і альманах “Літаратурная Гомельшчына-2017”.

І тут жа была праведзена прэзентацыя яшчэ адной цудоўнай кнігі, да выхаду якой спрычыніліся гомельскія пісьменнікі.

Так, сёлета споўнілася 215 гадоў славутаму Ігнату Дамейка. І да юбілейнай даты член Саюза пісьменнікаў Беларусі Вольга Раўчанка зрабіла, на думку У.Гаўрыловіча,  творчы подзвіг: пераклалаза 9 месяцаў з іспанскай мовы  на рускую мову кнігу прапраўнучкі Дамейкі. 

Гэтая кніга з няпростым лёсам. Яе аўтарка — аўстралійская пісьменніца Пас Дамейка — прапануе  новы погляд з-за мяжы на жыццё і дзейнасць беларускага дзеяча, вучонага з сусветным імем — Ігната Дамейкі, прадзядулі аўтаркі. Яна акцэнтуе ўвагу на душэўных якасцях і высокіх маральных прынцыпах асветніка, які знайшоў сваё месца ў Чылі, але сэрцам заўсёды заставаўся на Радзіме – Беларусі. У кнізе аўтарка выкарыстоўвае дзённікі свайго знакамітага продка і яго перапіску з вядомымі асобамі XIX стагоддзя. Яна засяроджвае ўвагу на пачуццях свайго героя, паказвае, што дасягненні вялікага навукоўца, якія займаюць пачэснае месца ў гісторыі, навуцы і культуры Беларусі, Літвы, Польшчы і Чылі, ідуць побач з глыбокімі перажываннямі і чулай душой. Пас Дамейка гэтым даводзіць думку аб тым, што важна берагчы наш далікатны свет.

Пра няпростую цяжкую працу над выданнем, якое ўпершыню нядаўна было прэзентавана ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі і выдадзена пакуль толькі на беларускай мове пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Беларусі, распавялі Вольга Раўчанка і рэдактар перакладу Эма Прыбыльская.

Удзельнікі свята-ушанавання і прэзентацыі шчыра падзякавалі аўтару перакладу і яе калезе за

за такую няпростую справу – узняцце памяці слаўнага сына Беларусі. Яны атрымалі таксама граматы ад Саюза пісьменнікаў і Гомельскага аддзялення СПБ.

На  творчай вечарыне адбылося ўзнагароджанне ўдзельнікаў з Гомельскай вобласці II Міжнароднага моладзевага фестывалю-конкурсу паэзіі і паэтычных перакладаў «Берагі дружбы» і прэзентацыя паэтычных  зборнікаў “Сілай агульнай любові. Беларусь –Гомель – Дон– Кубань”, якія выдадзены арганізатарамі фестывалю ў Растоўскай вобласці.

Уладзімір Гаўрыловіч, як кіраўнік-каардынатар праекта па Беларусі, сказаў шчырыя словы падзякі пра дырэктара фестываля, паэта Леаніда Севера, на плечы якога выпала найбольш праблемных пытанняў, як творчага, так і арганізацыйнага плана.

Бясспрэчна, падкрэсліў ён, без актыўнасці і нераўнадушнасці да тэмы славянскага яднання літараратаў-гамяльчан, а сёлета да праекта далучыліся прадстаўнікі з усіх абласцей Беларусі, ён бы не рэалізаваўся. А гэта была няпростая праца. Таму словы ўдзячнасці  ад кіраўніка пісьменніцкай арганізацыі Гомельшчыны гучалі ў адрас маладых аўтараў, якія толькі ступаюць на “поле літаратурнай дзейнасці”: Бяльковай Але, Алене Болсун, Аксане Дашкавец, Анастасіі Дарошчанка, Стасі Кацюргіной, Дзмітрыя Нілава, Вікторыі Танасенка, Яніны Цімашчэня, Надзеі Філон. Ім былі  ўручаны падарункавыя наборы кніг.

А вось настаўнікам-прафесіяналам — Міхасю Болсуну, Галіне Гузянковай, Лідзіі Долбікавай, Мікалаю Ждановічу, Тамары Кручэнка, Галіне Рагавой і Ніне Шкляравай  — Уладзімір Гаўрыловіч уручыў і нагрудныя знакі Міжнароднага саюза пісьменнікаў і дзеячаў мастацтваў “Ганаровы настаўнік творчай моладзі”.

Гэтаксама ўзнагароды Саюза пісьменнікаў Беларусі і Гомельскага аддзялення СПБ атрымалі многія пісьменнікі з нагоды 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, а таксама за актыўны ўдзел у творчай акцыі “Лета з добрай кнігай” 2017 года.

На творчай вечарыне, якая атрымалася па-сямейнаму цёплай, сардэчнай, доўжылася дзве гадзіны, яе ўдзельнікаў сваёй музычнай творчасцю парадаваў аўтар-выканаўца Аляксей Бычкоў, а таксама ўладальнікі спецпрыза фестываля “Берагі сяброўства-2017” Сяргей Старыкаў і Дзмітрый Нілаў.

 

Прэс-служба Гомельскага абласнога аддзялення

ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”