Калі здзяйсняюцца мары?


Калі здзяйсняюцца мары?

20.02.2024                                                          Новости


Яшчэ школьніцай беларуская пісьменніца, член Мінскага ГА СПБ Валянціна Быстрымовіч марыла стаць капітанам далёкага плавання, нават надумалася паступаць у мараходнае вучылішча. Адказ навучальнай установы збянтэжыў: летуценцы прапанавалі месца буфетчыцы…

Здавалася, мара засталася няздзейсненай. Юная асоба падпарадкавалася волі мудрагелістага лёсу, які і прывёў яе да пасады рэдактара аддзела часопіса “Алеся”, да пісьменніцкай дзейнасці, да творчай сустрэчы з наведвальнікамі філіяла бібліятэкі  № 3 імя Уладзіміра Маякоўскага.

З першых жа хвілін Валянціна Быстрымовіч зачаравала прысутных шчырасцю і аптымізмам, а яе імпэт, прага да прыгод і вандраванняў паклікалі ў віртуальнае падарожжа. Ніхто і не заўважыў, як  ад дыялогавай пляцоўкі  адчаліў карабель, капітанам якога стала Валянціна Яфімаўна. Маршрут ляжаў праз акіяны і пустыні, праз горы і экзатычныя куточкі. Завіталі і ў краіну дзяцінства, дзе жывуць яе літаратурныя героі, такія ж вынаходлівыя, як сама пісьменніца, такія ж смелыя і адкрытыя новым вятрам. Усе сядзелі за адным сталом, жартавалі, слухалі чытальніцу Святлану Яфрэмаву. Асобную зацікаўленасць выклікалі ілюстрацыі чытачоў, намаляваныя да твораў Валянціны Быстрымовіч. Пастаянны наведвальнік бібліятэкі Аляксандр Якаўчык прысвяціў верш пісьменніцы і выканаў мелодыю ўласнага сачынення.  

Вяртацца ў свой час зусім не хацелася. На капітанскім мосціку ўзіралася ўдалеч Валянціна Яфімаўна. Ці разумела яна, што яе мара здзейснілася?

 

Таццяна Каленік

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси