Мерапрыемствы, прысвечаныя Дню роднай мовы, прайшлі ў кнігарні “Іскра” ў Брэсце


Мерапрыемствы, прысвечаныя Дню роднай мовы, прайшлі ў кнігарні “Іскра” ў Брэсце

21.02.2024                                                          Новости


Родная мова абуджае цікавасць да пазнання свету, садзейнічае праяўленню павагі да нашага мінулага, у “прыгожым пісьменстве”, у словах паэтаў і мысліцеляў адлюстравана гісторыя народа, яго слаўныя справы.

Члены Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі правялі традыцыйнае мерапрыемства ў кнігарні “Іскра”. Анатоль Брытун распавёў чытачам, як з дзяцінства захапляўся гісторыяй роднага краю, як на яго станаўленне, як пісьменніка, паўплывалі аповеды дзядуль і любоў да родных мясцін.

Захапленне паэзіяй, літаратурныя дэбюты на беларускай мове ў юнацтве сталі добрым падмуркам для развіцця творчага патэнцыялу і паэта Наталлі Кандрашук з Кобрына. Яна прачытала свае вершы з кнігі “Лабірынты летуценняў”, успомніла прыгажосць Белавежскай пушчы, дзе правяла свае юнацкія гады.

Паэт Вера Вакула ўсё жыццё да выхаду на пенсію працавала вядучым бібліёграфам Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта. Паэт прачытала вершы, прысвечаныя роднай вёсцы Тонеж, што пад Туравам, жыхары якой ў 1943 годзе загінулі ад рук гітлераўскіх карнікаў, а таксама радкі, напоўненыя любоўю да родных краявідаў.

Ірына Морых расказала, што ў апошні час актыўна займаецца перакладчыцкай дзейнасцю, перакладае і творы Зінаіды Дудзюк на рускую мову. Пісьменніца пазнаёміла прысутных са сваімі вершамі са зборніка “Незаменимые слова и лица”.

Паэт, галоўны рэдактар радыё “Тэлерадыёкампаніі “Брэст” Васіль Барысюк распавёў пра значнасць захавання беларускай мовы, успомніў свае першыя творчыя сцяжынкі. Прачытаў вершы, у якіх раскрыў сутнасць прызначэння кожнага чалавека – захаваць сваю багатую спадчыну і прымнажаць яе багацце сваімі справамі.

Таццяна Дземідовіч прэзентавала чытанку для дзетак “Верасок”, якая пабачыла свет у выдавецкім доме “Звязда”, укладальнік якой – пісьменніца Іна Фралова.

Таленавітыя зорачкі сучаснага тэатра “Сторыc” Брэсцкага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці – Ахрымук Яна, Гаўрута Ніколь, Лукашэвіч Ангеліна, Каспярук Варвара, Шумская Ксенія пад кіраўніцтвам Віялеты Брыч уважліва пазнаёміліся з кнігай напярэдадні мерапрыемства. У выкананні юных дэкламатараў прагучалі вершы Іны Фраловай, Алеся Бачылы, Івана Муравейкі, Ніны Галіноўскай, Міколы Чарняўскага.

Па інфармацыі

Брэсцкага абласнога аддзялення

 Саюза пісьменнікаў Беларусі

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси