
У сталічным Доме літаратара адбыўся агульны сход пісьменнікаў Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, якая налічвае амаль трыста літаратараў. Са справаздачным дакладам аб рабоце аддзялення ў 2023 годзе і плане работы на бягучы год выступіў старшыня МГА СПБ вядомы пісьменнік, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Міхась Пазнякоў. За мінулы год, як адзначыў ён, пісьменнікі аддзялення выдалі 112 аўтарскіх кніг, звыш двух дзясяткаў калектыўных зборнікаў, ажыццявілі звыш 1200 публікацый у перыядычных выданнях Беларусі, Расіі, іншых дружалюбных краін.
Адметнымі кнігамі парадавалі паэты Змітрок Марозаў, Генадзь Пашкоў, Навум Гальпяровіч, Лізавета Палеес, празаікі Анатоль Драздоў, Віталій Кірпічэнка, Міхась Пазнякоў, Яўген Хвалей, Мікалай Ільінскі, Міхаіл Нікіцін і інш. У дзіцячай літаратуры выйшлі вартыя ўвагі кнігі Міколы Чарняўскага, Уладзіміра Мазго, Ірыны Токаравай, Казіміра Камейшы, Міхася Пазнякова, Валерыя Кастручына, Таццяны Сівец, Таццяны Дамаронак. Парадавалі саліднымі кнігамі публіцысты Мікалай Чаргінец, Уладзімір Дражын, Андрэй Мукавозчык, Андрэй Кароль, Вячаслаў Бандарэнка, Віктар Ермаловіч, Ліліяна Анцух, Аляксандр Плавінскі, Валянціна Паліканіна.
У літаратуразнаўстве з"явілася фундаментальная кніга Мікалая Мікуліча пра жыццё і творчасць Максіма Танка. Плённа працавалі перакладчыкі Анатоль Аўруцін, Міхаіл Кулеш, Тамара Кавальчук, Надзея Баранава. Навукова-пазнавальная літаратура папоўнілася важкімі кнігамі Таццяны Шамякінай, Ірыны Масляніцынай, Ірыны Токаравай. А літаратура духоўнай тэматыкі — новымі кнігамі Кацярыны Стройлавай, Тамары Левішко, Гардзея Шчаглова, Ірыны Токаравай. Новыя песні значныя створны на вершы Івана Юркіна, Алега Жукава, Фёдара Баравога, Анатоля Аўруціна, Валянціны Паліканінай, Міхася Пазняков, Лізаветы Палеес, Кацярыны Роўда і інш.
За мінулы год аддзяленне прыняло ўдзел больш як у 1300 мерапрыемствах. З іх само аддзяленне арганізавала звыш 500. Ва ўстановах адукацыі і культуры, у іншых арганізацыях сталіцы, рэспублікі і за мяжой адбылося звыш 5 800 дабрачынных пісьменніцкіх выступленняў. Найбольш плённае супрацоўніцтва было з сістэмамі дзіцячых і публічных дзяржаўных бібліятэк г. Мінска.
Актыўна працавалі 32 творчыя клубы, студыі, аб"яднанні аддзялення, у якіх адбылося звыш 280 мерапрыемстваў. Вялікай папулярнасцю па-ранейшаму карысталіся спектаклі і паэтычна-музычныя імпрэзы Мінскага гарадскога тэатра паэзіі, створанага ў 2016 годзе аддзяленем (мастацкі кіраўнік — Вольга Багушыньска).
У школах, гімназіях, у Мемарыяльнай зале пісьменнікаў Беларусі праведзена звыш 50 урокаў мужнасці. Актыўна ўдзельнічалі ў круглых сталах, канферэнцыях, дыялогавых пляцоўках, канферэнцыях па важных пытаннях рэчаіснасці ў самых розных установах сталіцы.
Вялікая работа праведзена з юнымі і маладымі літаратарамі. А гэта — творчыя конкурсы, кансультацыі, рэдагаванне твораў, заняткі ў Школе юнага літаратара, фестываль маладой паэзіі, прэзентацыі кніг, выступленні іх на літаратурных вечарах і г.д.
Быў арганізаваны і праведзены Міжнародны фестываль беларускай і рускай паэзіі, які прайшоў на працягу тыдня ў Мінску, Асіповічах, Нясвіжы, а таксама ў Ліпецкай вобласці (Расія). Міжнароднае літаратурнае супрацоўніцтва актыўна працягвалася і з рэгіянальнымі пісьменніцкімі арганізацыямі Расіі. Так, напрыклад, з расійскімі калегамі было аджыццёлена шэсць сумесных літаратурных праектаў. Сярод іх — творчы конкурс з Санкт-Пецярбургскім аддзяленнем СП Расіі, прысвечаны паэту і воіну Ігару Грыгор«еву, зборнік твораў «Достояние», прысвечаны юбілею Л.М.Талстога — з літаратарамі Ліпецкай вобласці. Прымалі удзел у многіх міжнародных мерапрыемствах, якія арганізавалі пасольствы Расіі, Кітая, Казахстана, іншых дружалюбных краін.
Актыўная творчая і грамадская дзейнасць 12 пісьменнікаў аддзялення была адзначана ў 2023 г. высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі. Так, напрыклад, пісьменнік Міхась Пазнякоў стаў заслужаным дзеячам культуры Рэспублікі Беларусь, а пісьменнік Іван Чарота уганараваны медалём Францыска Скарыны.
Рознымі літаратурнымі прэміямі і ўзнагародамі дзяржаўных і грамадскіх арганізацый былі адзначаны яшчэ 34 пісьменнікі аддзялення.
Старшыня МГА СПБ Міхась Пазнякоў таксама коратка азнаёміў з планам работы аддзялення на 2024 г. План раней абмеркаваны і ўхвалены Саветам МГА СПБ і ўзгоднены з кіраўніком Саюза пісьменнікаў Беларусі і Упраўленнем культуры Мінгарвыканкама.
У спрэчках выступілі пісьменнікі Уладзімір Мазго, Наталля Саветная, Аліна Грышкевіч, Анатоль Аўруцін, Тамара Кавальчук, Зоя Кулік, Тамара Бунта, Анатоль Матвіенка, а таксама дырэктар Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк г. Мінска Таццяна Швед. Усе высока ацанілі работу аддзялення і яго старшыні, выказалі шэраг слушных заўваг і прапаноў.
У заключным слове Міхась Пазнякоў заклікаў калег быць сацыяльна больш актыўнымі як у творчасці, так і ў квльтурна- асветніцкай рабоце. Больш увагі надаць падпісцы, асабліва на газету «Літаратура і мастацтва». Больш актыўна працаваць на выхаванне юных грамадзян, імкнуцца, каб слова і пазіцыя пісьменніка больш плённа уплывалі на згуртаванасць грамадства, павышэнне аўтарытэту пісьменніцкай арганізацыі, на росквіт роднай Беларусі, яе культуры і вядомасці ў свеце.
Павел КУЗЬМІЧ
Фота: Віктар ІВАНЧЫКАЎ
Источник: https://zviazda.by/be/news/20240223/1708666968-padvyali-vyniki-i-namecili-novyya-plany
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси