“Родны мой горад – любоў мая!” – літаратурна-музычная імпрэза, прысвечаная 40-годдзю Маскоўскага раёна сталіцы


“Родны мой горад – любоў мая!” – літаратурна-музычная імпрэза, прысвечаная 40-годдзю Маскоўскага раёна сталіцы

01.11.2017                           Новости 


Свята літаратурнага натхнення, вясны і радасці “Родны мой горад – любоў мая!” адбылося ў публічнай бібліятэцы № 22і было прысвечана 40-годдзю Маскоўскага раёна сталіцы.Сустрэча згуртавала жыхароў Маскоўскага раёна Мінска, а таксама моладзь – курсантаў БНТУ ваенна-тэхнічнай кафедры, навучэнцаў і настаўнікаў чыгуначнага каледжа.

У чытальнай зале, супрацоўнікамі бібліятэкі была арганізаванакніжна-ілюстрацыйная выстава з беларускай атрыбутыкай.

На ўваходзе ў канферэнц-залу гасцей сустракала цудоўная выстава дзіцячых малюнкаў “Колер Беларусі”, якую падрыхтавалі вучні 4 “В” класа 161 сярэдняй школы.

Загадчык бібліятэкі – Наталія Ярашэвіч адкрыла юбілейны вечар, прывітала чаканых і шаноўных гасцей. Было адзначана, што Маскоўскі раён – самы малады ў сталіцы і на карце горада ён з’явіўся  ў 1977 годдзе. Пачалася імпрэза з падарунка для прысутных - з прэзентацыі “Квітней, мой Мінск, пад небам жураўліным”. Падрыхтавалі яе бібліятэкары з любоўю і павагай.  Падчас вечарыны госці пачулі гімн Маскоўскага раёна, пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення раёна і сучаснасцю, пабачылі яго прыгажосць і адчулі гонар за яго.

Шмат таленавітых і творчых асоб пражывае ў Маскоўскім раёне. Мы імі  ганарымся. А некаторыя з іх прысутнічалі ў нашай зале. Гэта людзі розных узростаў і сфер дзейнасці. Але ўсіх іх аб’ядноўвае адно – любоў да кнігі, да нашай роднай , прыгожай і мілагучнай мовы, да нашай спадчыны.Магчымасць адкрыць для сябе незвычайна тонкі і глыбокі свет майстроў прыгожага беларускага слова.

Бываюць мастакі, лёс і жыццё якіх - яркае адлюстраванне іх творчасці, а іх творы -  сведчанне пройдзенага шляху. На імправізаваную сцэну быў запрошаны Пазнякоў Міхаіл Паўлавіч, творца – які  не перастае дагэтуль дзівіць шматграннасцю і шырынёй таленту. У ім, дзіўным чынам, злучыліся - чароўны дарунак прыроды і ўпартая асабістая праца: вучоны-філолаг, літаратуразнаўца, перакладчык, публіцыст, аўтар неймавернай колькасці кніг для дзяцей і дарослых, паэт не гучнай, а ціхай пранікнёнай лірыкі, дабра і сумлення беларускага народа.

Ганаровага госця шчыра прывіталі навучэнцы сярэдняй школы №161, 4 “В” класа студыі літаратурнага чытання пад кіраўніцтвам настаўніцы пачатковых класаў- Людмілы Ўладзіміраўны Кебікавай з літаратурнай кампазіцыяй на вершы беларускіх паэтаў. А некаторыя вучні прачыталі свае вершы, якія напісалі пад уплывам натхнення ад чытання беларускага паэтычнага слова.

Міхаіл Пазнякоў у 2016 годдзе быў намініраваны на Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры за кнігі для дзяцей «У родным краi», «Гульняслоў», «Серабрыстыя чайкі»,- якія  пісьменнік прадставіў на суд слухачам. Ён чытаў свае вершы, разказваў аб сваіх шматлікіх сябрах, каменціраваў здымкі з асабістага альбома. Падзяліўся сваімі ўраджаннямі аб сустрэчы з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, якая адбылася 6 сакавіка ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета, дзе Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка асабіста знаёміўся з прэтэндэнтамі на высокую дзяржаўную ўзнагароду. Падчас імпрэзы госці задавалі пытанні, атрымлівалі змястоўныя адказы, мелі магчымасць пачуць песні на словы Міхася Пазнякова: “Мінскае метро”, “Беларусь і Расія”, “Тварыце людзі на зямлі дабро”, “Астравок” і іншыя.

Сапраўдным падарункам слухачам атрымалася выступленне лаўрэата міжнароднага вакальнага конкурса, студэнта акадэміі музыкі – Мілана Мелівоевіча. Гавораць, цудаў не бывае.

Што Вы! Вы будзеце так гаварыць толькі да той пары, пакуль не пачуеце яго голас. У выкананні сербскага спявака Мілана прагучалі песні на словы Міхася Пазнякова “Мой родны Мінск”, а таксама раманс “Скажите девушке..” і інш.Шмат шчырых апладысментаў атрымала і лаўрэат міжнародных конкурсаў сярод моладзі, студэнтка эстраднага аддзялення каледжа мастацтваў – Наталля Кебікава з песнямі: “Белая ластаўка” і “Васільковае неба”.

Настроілі на лірычны лад песні пад гітару, якія прагучалі ў выкананні Аляксандра Вашчанкі. Аляксандр Пятровіч - вядомы пісьменнік, бард, аўтар і выканаўца шматлікіх песень на словы беларускіх паэтаў, даследчык  традыцыйнай культурнай спадчыны, а таксама жыхар Маскоўскага раёна сталіцы. Мае вышэйшую ўзнагароду  Саюза пісьменнікаў Беларусі  - медаль “За вялікі  ўклад у літаратуру”.  Годна і зычна гучала роднае слова з яго вуснаў, а пасля майстэрскага выканання выдатных музычных кампазіцый, шчырых прыхільнікаў у барда з’явілася ў разы больш.

На свята ў “Шчырасць” завіталі пастаянныя члены літаратурнага клуба, чытачы бібліятэкі і аматары прыгожага пісьменства – Алег Віктаравіч Жыдовіч і Людміла Уладзіміраўна Кебікава. Алег Віктаравіч  выказаў у адрас Міхася Пазнякова добрыя словы, прачытаў уласны верш прысвечаны яго творчасці і адзначыў, што  менавіта паэзія Міхаіла Паўлавіча натхняе на радасць, прыгажосць і цеплыню, дае магчымасць тварыць, любіць і марыць.

Людміла Кебікава таксама выказала шчырыя словы падзякі ўсім паважаным гасцям, загадчыцы і супрацоўнікам установы, і адзначыла, што такія сустрэчы вельмі карысныя і неабходныя, таму што выхоўваюць пачуццё гонару за свой край і любоў да роднай мовы. 

Раіса ГРАБЛЮК і Наталля ЯРАШЭВІЧ