“Магутнае слова, ты, роднае слова!”


“Магутнае слова, ты, роднае слова!”

23.02.2024                                                          Новости


Дзень роднай мовы – цудоўная нагода, каб успомніць імёны славутых землякоў, асветнікаў, культурныя набыткі, якія пранеслі беларусы праз гады. Сучасныя пісьменнікі працягваюць справу па захаванні матчынай мовы, абагачэнні яе самабытнасці і развіцці.

Цікавасць моладзі да беларускага слова, традыцый, жаданне паглыбіцца ў таямніцы беларускага вершаскладання, успомніць прачытаныя кнігі беларускіх аўтараў ды падзяліцца сваімі першымі спробамі пяра ўражвае.

Анатоль Бензярук сустрэўся са студэнтамі філалагічнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе прадставіў сваю дакументальную аповесць-эсэ "Галавасек", прысвечаную трагічнай гісторыі вёскі Драмлёва Жабінкаўскага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Анатоль Брытун у Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага пагутарыў аб значэнні роднай мовы ў жыцці чалавека з сямікласнікамі СШ №20. Запамінальная сустрэча з Таццянай Дземідовіч прайшла ў гімназіі №1 Брэста. Таццяна Анатольеўна распавяла пра творчыя набыткі Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, прачытала творы сучасных пісьменнікаў з чытанкі “Верасок” і падарыла ў школьную бібліятэку паэтычны зборнік вершаў паэтаў Брэстчыны Анатоля Шушко, Міколы Антаноўскага, Міколы Бусько “Чыстая музыка неба”.

У Кобрынскай бібліятэцы прайшло свята “Мая мова – мой народ” з удзелам Наталлі Кандрашук, якая прачытала свае вершы, прысвечаныя радзіме, памяці беларускіх класікаў.

Пра даўнія і глыбокія літаратурныя стасункі з краінамі свету, пра значнае месца беларускай мовы ў міжнароднай прасторы сведчыць і выстава, падрыхтаваная супрацоўнікамі Брэсцкай гарадской бібліятэкі, якая знаёміць з літаратурнай класікай у перакладзе на беларускую мову. Загадчык аддзела абслугоўвання, пісьменніца Ірына Фаміна ў святочны дзень пазнаёміла з прадстаўленымі кнігамі навучэнцаў палітэхнічнага каледжа і ветэранаў Белтэлекама.

 

Па інфармацыі

Брэсцкага абласнога аддзялення

 Саюза пісьменнікаў Беларусі

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси