
25.02.2024 Новости
У рамках Тыдня беларускай мовы і літаратуры ў СШ №4 г.Івацэвічы адбылася сустрэча з паэтэсай івацэвіцкай зямлі Святланай Яўгеньеўнай Сцепанчук, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Падчас сустрэчы госця падзялілася сваімі думкамі аб паэзіі, прачытала вершы, якія найбольш хвалююць яе, адказала на пытанні вучняў. Не абышла такіх тэм, як родная мова, Бацькаўшчына, прырода роднага краю. Падзялілася сваімі ўспамінамі аб жыцці, школьным і студэнцкім.
Творца таксама нагадала, што менавіта горад Івацэвічы будзе сёлета прымаць Дзень беларускага пісьменства. З раёнам звязана рэвалюцыйна-падпольная дзейнасць Піліпа Пестрака, ураджэнца вёскі Сакоўцы, які прыйшоў у беларускую літаратуру як пясняр заходнебеларускіх барыкад. Невыпадкова Івацэвіцкая раённая бібліятэка з гонарам носіць імя пісьменніка-земляка.
Свой крывавы след на Івацэвіччыне пакінула Вялікая Айчынная вайна. «Вогненнымі вёскамі» ў краі сталі Вяда, Бабровічы, Зацішша, Зыбайлы, Красніца, Тупічыцы. Відавочна, што Алесь Адамовіч, Янка Брыль і Уладзімір Калеснік, працуючы над дакументальнай кнігай «Я з вогненнай вёскі», не маглі пакінуць па-за увагай гэты рэгіён.
У канцы сустрэчы Святлана Яўгеньеўна падарыла свае кнігі зацікаўленым вучням з пажаданнямі поспехаў у жыцці.
Па інфармацыі Брэсцкага абласнога аддзялення
Саюза пісьменнікаў Беларусі
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси