Любі, шануй, ведай роднае слова


Любі, шануй, ведай роднае слова

25.02.2024                                                          Новости


20 лютага ў бібліятэку № 22 на сустрэчу з пісьменнікам прыйшлі малодшыя школьнікі сярэдніх школ № 25 і № 119 г.Мінска. Мерапрыемства адбылося напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы. Беларуская мова з’яўляецца для нас спрадвечнай, матчынай мовай. Шмат нашых паэтаў прысвячаюць свае творы менавіта роднай, беларускай мове.

А на сустрэчу з вучнямі завітаў вядомы паэт, празаік, перакладчык, публіцыст, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Міхась Паўлавіч Пазнякоў.

     

Ад супрацоўніка  бібліятэкі Пыж Вікторыі вучні даведаліся, што Міхась Пазнякоў піша кнігі і для дарослых і ‒ з асаблівым задавальненнем ‒ для дзяцей. Яго вершы для дзяцей уключаны ў падручнікі, хрэстаматыі, чытанкі, навучальныя дапаможнікі.

Міхась Пазнякоў прадставіў сваю новую кнігу вершаў для дзяцей “Пра роднае, дарагое”, чытаў займальныя, даступныя, добрыя вершы, скарагаворкі, загадваў загадкі, уручаў прызы. Дзеці засыпалі пісьменніка рознымі пытаннямі, але на кожнае атрымалі адказ. Міхась Паўлавіч пажадаў школьнікам быць уважлівымі, добра вучыцца, шмат чытаць,  паважаць сваіх бацькоў, рабіць добрыя справы. На памяць пра сустрэчу ўсе жадаючыя атрымалі кнігі з аўтографам пісьменніка.

Дзякуючы такім творчым сустрэчам дзеці, безумоўна, навучацца больш любіць і паважаць родную мову, будуць шырэй знаёміцца з творчасцю беларускіх пісьменнікаў.

                                            

Загадчык бібліятэкі         А.М.Каржанеўская

Фота       В.В.Кулікова

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси