Творчы вечар з песнямі і… блінамі


Творчы вечар з песнямі і… блінамі

14.11.2017                             Новости 


У Купалаўскай бібліятэцы г. Мінска адбыўся творчы вечар паэткі Іны Фраловай. Гучалі яе вершы, песні на словы аўтаркі, тэатральныя пастаноўкі з твораў. Імпрэза адбылася ў праграме гарадскога тэатра паэзіі, якім кіруе старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў.

 

“Дай мне руки, я их обогрею.

К ним прижавшись горячей щекой,

Охмелею тобой, осмелею,

Не смогу надышаться тобой”…

 

Радкі гэтыя, як вы здагадаліся, з твочасці Іны Фраловай. Іх і іншыя самыя пачуццёвыя творы ўражліва чыталі маладыя артысты тэатра паэзіі “Рытмы сэрца”. Пра каханне, якое “туманам сышло да пары” пад гітару праспяваў кампазітар і выканаўца Андрэй Зыгмантовіч.

Перспектыва памерці дурнем не ўражвае, лірычны герой Іны Фраловай з гонарам называе сябе разумным і шчыра дзякуе Богу, што хоць дурнем не памрэ. Пра гэты і іншыя кур’ёзы вобразна чытала артыстка Зінаіда Феакцістава.

“Блін — гэта яшчэ адно сонца для беларусаў…  А для мяне блін – гэта яшчэ і хітры ход. Я, напрыклад, раблю мачанку і стос пухкіх блінцоў, каб назіраць, як ты, мой каханы, у яго, як у святочную світку, апранаеш тлустаю каўбасу, а потым у тваіх вачах чытаю ўсё, чаго яшчэ не чула, але вельмі б хацела пачуць…  Блін — не толькі ежа, але яшчэ і малітва ўсіх закаханых жанчын…” Замалёўку, нататку, абразок, гумарэску пра блін (называйце, як хочаце) інтрыгуюча прачытаў залаты голас беларускага радыё Алег Вінярскі. А пасля віноўніца імпрэзы, каб падмацаваць вясёлае пачуццё, пачаставала гасцей салодкімі блінцамі, якія прыгатавала сама. “Для сучасных людзей блін — гэта яшчэ і пэўная альтэрнатыва пазбягаць ненарматыўнай лексікі”, — піша Іна Фралова… Аказваецца, яна таксама ўжывае гэтае слова, але толькі тады, калі зусім няма чаго сказаць.

У творчасці Іны Мікалаеўны, як і ў кожнай прывабнай паэткі, многа вершаў пра каханне. Шчырых, душэўных, узнёслых. Захапляецца аўтарка перакладамі, адзін з раздзелаў вечарыны прысвячаўся выключна ім. Старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў прызнаўся, што не раз трымцела сэрца, калі чуў са сцэны дасканалы пераклад сваіх вершаў. Хоць руская і беларуская мова блізкія і роднасныя, тым не менш, “перапісаць” дыямент мастацтва няпроста, якасна гэта зрабіць — вельмі складана. Патрэбна захаваць рытм, рыфму, перадаць агульнае пачуццё і  дакладны сэнс. Па водгуках аўдыторыі, Іна Фралова справілася з гэтым дасканала. Як падмацаваны прыклад — песня “Як добра, што хварэю не на Вас” па-беларуску.

Многа артыстаў, пісьменнікаў,сяброў і аднадумцаў сабралася павіншаваць аўтарку з яе паэтычымі адкрыццямі і перамогамі. Сярод выступоўцаў спявак і празаік Сяргей Трахімёнак, актрыса тэатра і кіно Ірына Нарбекава, артысты Таццяна Захарыч, Наталля Сазановіч, Таццяна Краснабаева… Прыйшлі падтрымаць Іну Мікалаеўну журналісты і выкладчыкі, сябры па творчаму цэху Тамара Бунта, Мікола Шабовіч, Алена Міхаленка, Вольга Шпакевіч, Лізавета Палеес і многія іншыя.

Нават напрыканцы вечарыны разыходзіцца ніхто не спяшаўся. Цёплыя размовы, фотаздымкі на памяць, прыемныя знаёмствы, шчырыя словы ўдзячнасці — пазакуліссе творчага вечара, які падарыла адметная паэтка Іна ФРАЛОВА. Яна хацела, каб мерапрыемства запомнілася нечым асаблівым. Знайсці “разынку” сапраўды ўдалося. І разынка гэтая аказалася самай салодкай.

Алена БАСІКІРСКАЯ

Фота Міколы ШАБОВІЧА