Толькі сэрца бачыць без агрэхі


Толькі сэрца бачыць без агрэхі

20.11.2017                          Новости 


У сталічным аздараўленчым цэнтры пісьменнікі Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі выступаюць не ўпершыню. Трымаць слова перад людзьмі са слабым зрокам або невідушчымі — справа своеасаблівая. Паэтэса Іна ФРАЛОВА, маладыя паэткі Валерыя ІСАКОВІЧ і Алена БАСІКІРСКАЯ, бард Аляксандр ВАШЧАНКА доўга чаравалі словам і гітарнай струной. Мерапрыемства адбылося ў межах акцыі “Чалавек з белым кіем”.

Валерыя Ісаковіч закончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. У дзяўчыне арганічна спалучыліся постаці “лірыка і фізіка”, бо вучыцца яна па тэхнічнай спецыяльнасці. Але і вершы для Леры — справа звычайная, прыходзяць у самы патаемны час, у розныя поры года. Яны філасофскія, інтэлігентныя, шчырыя. Як можна яшчэ назваць гучанне надрыўных струнаў душы? “Пажадаем Леры крыху больш смеласці. Зазвычай так складаецца, што таленавітыя людзі па сваёй прыродзе сціплыя”,--прыкмячае вядучая імпрэзы і радактар першай кнігі Іна Фралова.

Аўтар гэтых радкоў па “звычайна запланаваным раскладзе” прачытала пераклады рускамоўных класікаў Яўгена Еўтушэнкі, Аляксандра Пушкіна, пазнаёміла і з уласнымі вершамі. Найлепшай візітоўкай для аўтаркі можа паслужыць не біяграфія пра сябе, а шчырае чатырохрадкоўе:

 

Я не магу Радзімы не любіць,

Я не магу бязмэтна днямі жыць.

Я не магу трываць людскую злосць.

Я не магу, калі няпраўда ёсць.

 

Іна Фралова распавяла пра аўтарскі літаратурна-музычны вечар, што прайшоў днямі ў Мінскім гарадскім тэатры паэзіі. Прачытала верш “На белым беразе”, які, стаў заключным акордам колішняга мерапрыемства і прагучаў пад гітару ў выкананні ўсіх удзельнікаў. Прачытала нізку вершаў, надрукаваных у свежым нумары “Арол Літаратурны” і прадставіла пісьменніка Аляксандра Вашчанку.

Песні пад гітару Аляксандра Пятровіча прыйшліся да густу слухачам, як і прынесыны ў падарунак слоік духмянага мядку з уласнай пасекі. Негледзячы на тое, што пісьменнік часты госць бібліятэкі, узнікла шмат разнастайных пытанняў. Бо да ўсяго  — Аляксандр Вашчанка і пчаляр, і грыбнік. За сезон, па яго словах, пад сілу назбіраць 600 баравікоў. Невялікая прэзентацыя кніг закончыла чарговую сустрэчу, на якой, дарэчы, гучалі цёплыя вершы невідушчых слухачоў.

Вось і прыгадваюцца словы Экзюперы: “Відушчае адно толькі сэрца. Самага галоўнага вачыма не ўбачыш”…

Алена БАСІКІРСКАЯ