“Зямля пад белымі крыламі”. Караткевічаўскія чытанні ў Віцебску


“Зямля пад белымі крыламі”. Караткевічаўскія чытанні ў Віцебску

01.12.2017                            Новости 


23 лістапада, напярэдадні нараджэння слаўнага сына беларускай зямлі, класіка беларускай літаратуры  Уладзіміра Караткевіча, прадстаўнікі віцебскага абласнога аддзялення РГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” ,  аддзела культуры гарвыканкама і супрацоўнікі бібліятэк ДУ “Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма г. Віцебска”  узлажылі кветкі да помніка нашаму  славутаму земляку. А затым у бібліятэцы, якая носіць яго  імя, адбылася святочная вечарына “Скарбніца для вечных каштоўнасцей” з нагоды 87-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча, 20-годзя з часу правядзення першых  караткевічаўскіх  чытанняў у бібліятэцы,  40-годдзю з моманту выдання кнігі нарысаў “Зямля пад белымі крыламі” і, нарэшце,  юбілейнай даты  (40 гадоў) ў гісторыі самой бібліятэкі.

Са святам бібліятэку павіншавалі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага гарвыканкама Наталля Аляксееўна Шыянок,  віцебскія пісьменнікі, якія традыцыйна прымаюць удзел у днях літаратуры, прысвечаных Уладзіміру Караткевічу Тамара Краснова-Гусачэнка і Вольга Русілка.

Шмат пазітыўных эмоцый у пастаянных удзельнікаў  выклікалі відэаматэрыялы першых караткевічаўскіх чытанняў у бібліятэцы.

Тэме любові да роднай зямлі  былі прысвечаны традыцыйныя паэтычныя чытанні, у якіх былі задзейнічаны навучэнцы ДУА “Віцебскі дзяржаўны каледж культуры і мастацтваў” пад кіраўніцтвам рэжысёра Ігара Баярынцава.

Упрыгожваннем вечыны стала  выступленне ўзорнага вакальна-харэаграфічнага калектыва “Перапёлачка”, ДУА “Гімназія №3 г. Віцебска імя А.Пушкіна”. У іх выкананні прагучалі вядомыя беларускія песні “Гаворка беларуская”, “Люблю наш край”, а таксама закружыў у віхуры святочнага настрою беларускі  танец “Закаблукі”.  

Старонка, прысвечаная 40-годдзю з дня заснавання бібліятэкі, расказала  пра творчыя здабыткі і дасягненні за апошнія пяць гадоў, пра самыя яркія  і маштабныя  праекты, акцыі і  праграмы, рэалізаваныя ў апошні час, а таксама  пра  цікавыя сумесныя мерапрыемствы  з Віцебскім аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі  ў бягучым  годзе.

Закончылася  мерапрыемства сімвалічнай акцыяй: увысь на паветраных шарах падняліся папяровыя буслы з добрымі пажаданнямі  любові і дабрыні, веры і надзеі, міру і спакою, каб кожны з прысутных у гэты святочны дзень мог сапраўды адчуць, што ён жыве на ўнікальнай дзівоснай зямлі, зямлі пад белымі крыламі.

Галіна РАЖНОЎСКАЯ,

загадчыца Віцебскай гарадской бібліятэкі

імя Уладіміра Караткевіча.