Драмы жыцця ад Зінаіды Дудзюк


Драмы жыцця ад Зінаіды Дудзюк

01.12.2017                              Новости  


Прэзентацыя кнігі берасцейскай паэткі, празаіка, драматурга Зінаіды Дудзюк прайшла ў  гарадской бібліятэцы імя  Пушкіна. 


Літаратурны свет не стаіць на месцы, а  ўзбагачаецца новымі  цікавымі выданнямі. На гэты раз літаратурная скарбонка папоўнілася зборнікам п’ес Зінаіды Дудзюк “Гістарычныя драмы”.

Творчасць Зінаіды Іосіфаўны добра вядома аматарам літаратуры. Яна аўтар многіх празаічных, паэтычных, драматычных твораў, а таксама твораў для дзяцей - мае свайго асабістага чытача. Таму невыпадкова, што на прэзентацыю завітала нямала жадаючых пазнаёміцца з новым выданнем пісьменніцы - гэта сябры, калегі і проста прыхільнікі творчасці Зінаіды Дудзюк. Імпрэза стала душэўным, па-хатняму ўтульным святам. Падрыхтаваныя выхаванцамі ЦМТ музычныя нумары, чытанне ўрыўкаў з п’ес, дый расповед самой пісьменніцы пра сваю кнігу па-сапраўднаму аздобілі вечарыну.  

Прыкметная падзея

Выхад зборніка “Гістарычныя драмы” - падзея прыкметная. Ён выйшаў у свет напярэдадні святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, а змест яго склалі п’есы пра лёс і  выпрабаванні  вялікіх постацей беларускай літаратуры і гісторыі: Францыска Скарыны, Міколы Гусоўскага, Тадэвуша Касцюшкі.

“Гэта цікавыя мне асобы. Такія людзі вартыя, каб пра іх ведалі, пісалі, бо гэта прыклад служэнню сваёй зямлі, свайму народу”, - адзначыла Зінаіда Дудзюк.

Асноўны жанр зборніка – драма. У цэнтры п’ес сапраўдная драма лёсу канкрэтных людзей. Кожны з іх у пэўны момант жыцця знаходзіцца перад складаным выбарам, а часам мае драматычны канец. Так, двухактовая драма “Скарына з Полацка” паказвае віленскі перыяд жыцця першадрукара. Нішто не мінае Скарыну: ні смерць блізкіх, ні беднасць, ні астрог, а лёс пакідае яго часта на раздарожжы… П’еса “Мікола Гусоўскі” высвечвае час, калі пісьменнік жыў у Рыме, напісаў вядомую паэму “Песня пра зубра”. Аднаактоўка “Нарадзіўся я ліцвінам” распавядае пра Касцюшку, які  пасля задушэння паўстання, вымушаны зрабіць пакутлівы выбар далейшага жыццёвага шляху. Лібрэта оперы “Падданыя кахання” прысвечана трагічнаму каханню князёўны Ганны Кобрынскай і князя Хведара Бельскага. Дарэчы, некаторыя падзеі п’есы адбываюцца ў Берасцейскім замку.

 

Вядомыя і звычайныя

“Гістарычныя драмы” – гэта кніга не толькі пра вядомых постацей, але і звычайных людзей. Напрыклад, рэальныя падзеі леглі ў аснову двухактовай драмы “Берасцейская мелодыя”, прысвечанай подзвігу Веры Краўцовай. Дзяўчына жыла ў Брэсце, падчас вайны ўдзельнічала ў антыфашысцкім руху, дапамагала савецкім ваеннапалонным выйсці на волю. Па іх жа віне яна была схоплена гестапаўцамі і расстраляна… Маці дзяўчыны доўгі час шукала месца захавання Веры. Яна раскопвала магілы, каб знайсці і захаваць па-людску адзіную дачку… На вуліцы Леніна, на будынку банка, знаходзіцца мемарыяльная дошка, дзе некалі была школа №15 і там вучылася Вера Краўцова.

У завяршэнні нельга не згадзіцца са словамі  паэткі Лідзіі Касачук: “Кніга Зінаіды Дудзюк чытаецца з асалодай, бо гэта праўдзіва, гістарычна, дакладна і аўтар апраўдвае надзеі чытача…”. Будзем спадзявацца, што зборнік “Гістарычныя драмы” знойдзе сваіх прыхільнікаў, а п’есы ў хуткім часе, убачым на падмостках тэатральнай сцэны.

Наталля ШЛЯЖКА,  “Брестский вестник

Фота – Брэсцкая гарадская  цэнтральная бібліятэка імя Пушкіна