Не хлебам адзіным…


Не хлебам адзіным…

01.12.2017                              Новости 


Мінская цэнтральная раённая бібліятэка прымае актыўны ўдзел у літаратурным жыцці Міншчыны. Бібліятэка штогод праводзіць экалагічны конкурс “Сохраним природу вместе”, у якім прымаюць удзел юныя літаратары Мінскага раёна ладзіць сустрэчы супрацоўнікаў бібліятэк з пісьменнікамі Міншчыны. 

На мінулым тыдні па ініцыятыве Мінскай ЦРБ у былым будынку Дома фальклора зноў адбылося цікавае мерапрыемства: сустрэча пісьменнікаў двух раёнаў – Мінскага і Пухавіцкага. На сустрэчы прысутнічалі супрацоўнікі Мінскай ЦБС і іншых бібліятэк Мінскага і Пухавіцкага раёнаў: намеснік загадчыцы Мінскай ЦБС Няхай Наталля Валер’еўна, загадчыца  Пухавіцкай ЦБС Бародзька Наталля Мікалаеўна, загадчыца метадычнага кабінета гэтай установы Гурская Людміла Міхайлаўна, Грыгор’ева Наталля Віктараўна, якая ўзначальвае Заслаўскую дзіцячую бібліятэку, загадчыца биліятэкі-клуба аграгарадка Гатава Урбан Іна Аляксандраўна.

Супрацоўнікі Мінскай ЦРБ і Міханавіцкага цэнтра культуры, які таксама дапамагаў зладзіць гэта мерапрыемства, паклапаціліся пра тое, каб падзея атрымалася запамінальнай – нефармальнай і цёплай. Таму гэту сустрэчу яны арганізавалі ў памяшканні ўтульнай этнаграфічнай хаткі, якая знаходзіцца непадалёку ад будынка Мінскай ЦРБ. Вялікая натопленая печка, старажытныя рэчы, якія ўжывалі нашы бабулі і прабабулі, драўляныя лаўкі і стол, на якім стаяла гарачая гарбата, – усё гэта схіляла ўдзельнікаў імпрэзы да цёплых, задушэўных зносін.

Мерапрыемства пачалося з уступнага слова гаспадыні – загадчыцы Мінскай ЦРБ Пунінскай Аксаны Ільінічны. Яна гасцінна павітала гасцей і перадала слова Ларысе Рыжковай – кіраўніку вядомага Міханавіцкага дзіцячага фальклорнага гурта “Калыханка”. Юныя ўдзельнікі гурта падарылі прысутным некалькі старажытных беларускіх песень і  яшчэ больш настроілі прысутных на душэўны лад.

Пасля музычнага прывітання Пунінская Аксана Ільінічна перадала слова гасцям. Старшыня Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Быкава Святлана Анатольеўна падзякавала кіраўніцтву Мінскай ЦРБ за дапамогу літаратарам Міншчыны ў распаўсюджванні сярод чытачоў узнёслага літаратурнага Слова, за падтрымку дарослых і  юных літаратараў Мінскага раёна і ўручыла загадчыцы Мінскай ЦРБ падзяку ад Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. Пасля яна пачала творчую частку імпрэзы: спачатку крыху расказала пра Мінскае абласное аддзяленне ГА СПБ,  пра свой жыццёвы шлях, творчыя здабыткі і прачытала некалькі сваіх вершаў.

Пасля паэтэса перадала слова пісьменнікам Мінскага раёна: членам саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяне Дашкевіч і Кацярыне Хадасевіч-Лісавой, а таксама жыхарцы аграгарадка Ждановічы Надзеі Цыбульскай, якая таксама піша цудоўныя вершы. Таццяна Дашкевіч з вёскі Валяр’янава ўразіла ўсіх прысутных сваімі лірычнымі, кранальнымі песнямі пад гітару. Асабліва запала ў душу песня “Пасля бала”, якую напісаў і пры жыцці выконваў яе муж, вядомы паэт і бард Мікалай Шыпілаў.

Творчую эстафету ад Мінскага раёна перанялі пісьменнікі Пухавіччыны: Алена Радкевіч, Мікалай Марын і Эдуард Білейчык. Алена Радкевіч расказала пра сябе, пра сваю творчую працу, дасягненні ў новым для яе песенным жанры. Потым слова ўзяў Мікалай Марын, які прачытаў шмат цудоўных вершаў са сваіх паэтычных зборнікаў, у тым ліку з апошяга, які называецца “Счастье рядом с тобой”. Заключным выступоўцам стаў Эдуард Білейчык. У дуэце з Зінаідай Паўлючковай яны выканалі песні на словы Эдуарда і іншых аўтараў.

Не засталіся ў баку і супрацоўнікі бібліятэчнай сістэмы. Усе яны ў сваіх выступленнях адзначылі цеснае супрацоўніцтва пісьменнікаў і бібліятэчнай сістэмы, якое, у першую чаргу, заўсёды адбываецца на карысць шматлікім дарослым і маленькім чытачам. Загадчыкі бібліятэк падзяліліся з прысутнымі сваім вопытам у правядзенні мерапрыемстваў з удзелам пісьменнікаў і падзякавалі ім за ўдзел у мерапрыемствах, выказаўшы ўпэўненасць у тым, што такое супрацоўніцтва будзе пашырацца, будуць знаходзіцца яго новыя формы і метады.

Задаволеныя, узрушаныя цеплынёй сустрэчы пісьменнікі і супрацоўнікі бібліятэк яшчэ доўга размаўлялі адзін з другім, будавалі планы, дамаўляліся пра новыя сустрэчы. Напрыканцы ўсім захацелася неяк зафіксаваць гэты цудоўны дзень, таму ўсе вырашылі зрабіць на памяць агульны фотаздымак.

Прэс-служба Мінскага абласнога аддзялення ГА СПБ