Пазнавальна і выхаваўча


Пазнавальна і выхаваўча

04.12.2017                           Новости


У Цэнтры тэхнічнай і мастацкай творчасці дзяцей і моладзі “Зорка” да Сусветнага Дня абароны дзіцячых правоў перад выхаванцамі школ выступілі пісьменнікі і журналісты, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Ірына Масляніцына, Алена Басікірская, Мікалай Багадзяж. Яны расказалі пра свае творчыя набыткі, пазнаёмілі гасцей з гісторыяй свята, адказалі на пытанні. Імпрэза аказалася цікавай і пазнавальнай.

Першай трымала слова Ірына Масляніцына. Яна зрабіла грунтоўны экскурс у гісторыю Дня абароны дзяцей. Прыняты ён у Жэневе, калі малыя знаходзіліся ў небяспечных умовах, падчас войнаў і рэвалюцый. Выступоўца памятае, як у час яе дзяцінства адзначалі гэты дзень. Бацькі стараліся падрыхтаваць для сваіх пестуноў падарункі і пачастункі. Гэтае свята якраз прыпадае на чэрвень, калі ўжо завяршалася вучоба ў школе. Сусветны дзень абароны правоў дзяцей закадыфікаваны ўжо пазней. Зазвычай яго адзначаюць разнастайнымі дабрачыннымі акцыямі. Ірына Аляксандраўна нагадала правы і абавязкі выхаванцаў. І, што ні дзіўна, яны вельмі спалучаюцца між сабой. Права на жыццё спадарожнічае з абавязкам захоўваць сваё жыццё, права на здароўе ўзаемадзейнічае з неабходнасцю яго берагчы. Права на адукацыю падразумявае абавязак добра вучыцца…

Цудоўна, калі мы ведаем свае правы, але найперш трэба ведаць і выконваць уласныя абавязкі. Паважаць законы краіны, шанаваць сваіх бацькоў, старэйшых людзей, прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў, дапамагаць малодшым, старанна вучыцца, берагчы прыроду… І гэты спіс можна працягваць бясконца. Падрабязней пра гэта гаварыла Алена Басікірская. Акрамя таго, яна пазнаёміла гасцей са сваёй творчасцю. Прачытала апавяданне пра хлопчыка Сцёпку, якога бацькі старанна ўкладвалі спаць, вершы з аманімічнымі рыфмамі і іншыя гумарыстычныя творы для аўдыторыі малодшага ўзросту. Пасля дзеці самастойна нагадалі свае абавязкі, за кожны правільны адказ атрымлівалі пачастунак.

Гісторык Мікалай Багадзяж заінтрыгаваў дзяцей цікавымі звесткамі з гісторыі роднай Беларусі, задаваў пытанні пра знакамітыя святыні, распавядаў пра многія знакавыя падзеі з летапісу нашай краіны. Акрамя таго, Мікалай Канстанцінавіч пазнаёміў з серыяй кніг па гісторыі, выдадзеных сумесна з жонкай Ірынай Масляніцынай. Кнігі запатрабаваныя ў адукацыйнай сферы і нават рэкамендаваны для дадатковага чытання па адпаведных тэмах.

Педагог-арганізатар Цэнтра тэхнічнай і мастацкай творчасці “Зорка” Валянціна Яргольская правяла змястоўную віктарыну для дзетак. За правільныя адказы яны заахвочваліся невялікімі падарункамі. Калектыўнае фота на памяць, кветкі  — прыемныя фінальныя акорды сустрэчы. Дзеці ў гэты дзень спазналі многа новага і праявілі сябе ўдзячнымі слухачамі. 

Алена БАСІКІРСКАЯ