
18.07.2024 Новости
Ліпеньскі Віцебск – месца пачатку новых шляхоў, новых старонак творчай біяграфіі. У гэтым гродзенскіх паэтаў Кацярыну Каламійцаву і Дзмітрыя Радзівончыка пераканаў фестываль вулічнага мастацтва «На сямі вятрах», які адбыўся тут у межах «Славянскага базару».
11-14 ліпеня 2024 года Віцебск прымаў грандыёзны форум сучаснага вулічнага мастацтва «На семи ветрах». Маштабам сучаснага мастацтва проста не хапае часу ды прасторы пад дахам фестывальнага амфітэатру. Таму ў дні «Славянскага базару» яно запаўняе ўтульныя вулачкі старога Віцебска. Працягам і развіццём фестывальнай традыцыі стаў фестываль, які ўжо 10 гадоў верным спадарожнікам «Славянкі» крочыць тут і склікае ў Віцебск паэтаў, бардаў, рок-музыкаў не толькі з Беларусі.
Па запрашэнні Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і асабіста яго старшыні, вядомай паэтэсы Тамары Красновай-Гусачэнкі (на фота) ў межах арт-прасторы «РыфмаРытмы», дзе напрацягу чатырох дзён доўжылася свята сучаснай беларускай і рускай паэзіі, свае магчымасці прадэманcтравалі Кацярына Каламійцава і Дзмітрый Радзівончык. Фэст дапамог лепш пазнаёміцца і пасябраваць паэтам Прыдзвіння і Прынёмання. Акрамя таго, гродзенскія літаратары наведалі некалькі канцэртаў на галоўнай сцэне – Дзень Саюзнай дзяржавы і Міжнародны конкурс маладых выканаўцаў. На культурнай перадавой такога рангу мы не ўпершыню. Летась тут пабываў наш калега па аддзяленні, член СПБ і СПР, паэт Аляксандр Марозаў (Астравецкі раён). Перформансы, выставы, спектаклі, на кожным кроку ўвасабленне творчай энергіі ператварылі Віцебск у адзінае магутнае царства шчырай творчай працы і надзейнага сяброўства. Уся творчая Беларусь талакой, яскравым карагодам спляла тут сімвалічны фестывальны вянок, у якім слова і справа, чалавек і мастацтва, рэальнасць і цуд адзіныя. Такімі цудамі ў спякотныя дні выглядаюць эстэтычнае, духоўнае, інтэлектуальнае багацце на вуліцах горада на Дзвіне, зацікаўленасць простых беларусаў традыцыямі мастацтва, творчым ладам сучаснага жыцця. На поўначы Беларусі – тэмпература за трыццаць, ідуць трапічныя дажджы. Тым не менш у ліпеньскім Віцебску разам збіраюцца людзі, аб’яднаныя творчай думкай, пачуццём прыгажосці, стваральным парывам, грамадзянскай актыўнасцю.
Асобнае месца ва ўражаннях займае вобраз Віцебска. Віцебскам нельга не захапляцца, не натхняцца казачнымі вулкамі гістарычнага цэнтра, дзе нібыта лунаюць дзіўныя сюжэты Шагала, асляпляльна белымі саборамі на ўзвышшах уздымаецца ў сэрцы нешта светлае і моцнае. Віцебск адлюстроўвае сам сябе. Калі ты бачыш Віцебск звонку, гэта можа азначаць толькі адно – што знаходзішся ў яго сярэдзіне. Віцебск, Смаленск, Гродна, Кобрын, Полацк, Наваполацк – разыходзіцца прамянямі геаграфія фэста «На сямі вятрах». Разам з гродзенцамі ў форуме паэзіі паўдзельнічалі лірыкі з розных рэгіёнаў Расіі і Беларусі, прадстаўнікі пісьменніцкіх саюзаў дзвюх краін. У першы дзень у амаль казачным дворыку «РыфмаРытмы» ў выкнанні двух дзясяткаў паэтаў да 80-годдзя вызвалення Беларусі прагучалі вершы, прысвечаныя матывам памяці і мірнага неба. Другі дзень быў прысвечаны вобразу Віцебска, які сёлета адзначае 1050-гадовы юбілей. Трэці і чацвёрты фестывальныя дні паэты аддалі інтымнай і філасофскай лірыцы. Паэтычны гала-канцэрт, 5-тысячны амфітэатр, выбухі апладысментаў, ад якіх мароз па скуры, пазыўныя фанфары «Славянскага Базару», што гучаць паўсюль, нават з гарадской ратушы, – шматлюднае, шматфарбавае, шматвобразнае мастацтва быць святам у горада бліскуча атрымліваецца ўжо доўгія гады. Фестываль вулічнага мастацтва «На сямі вятрах» адзначыў сваё дзесяцігоддзе. Што тычыцца перспектыў? Гісторыя прысутнасці на фэсце літаратурнай Гродзеншчыны – пытанне прынцыповае, сяброўскае. І ўжо вырашанае. Мы назаўсёды пакідаем у нашых сэрцах твае святло і цеплыню, фестывальны Віцебск. Каб сустрэцца з табой ізноў.
Выказваем шчырую ўдзячнасць за запрашэнне Віцебскаму абласному аддзяленню Саюза пісьменнікаў Беларусі, асабіста яго старшыні Тамары Іванаўне Красновай-Гусачэнка і ўсім, хто спрычыніўся да ўдзелу гродзенскіх літаратараў у міжнародным фэсце вулічнага мастацтва «На сямі вятрах» у межах XXXIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».
САЮЗ ПІСЬМЕННІКАЎ БЕЛАРУСІ
Гродзенскае абласное аддзяленне
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси