“Я рады вашай радасці”. Адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў творчага конкурсу “Жыве паэт між намі тут!”


“Я рады вашай радасці”. Адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў творчага конкурсу “Жыве паэт між намі тут!”

11.12.2017                                    Новости


Словы народнага песняра адпавядалі настрою гасцей Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.


6 снежня тут адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў творчага конкурсу “Жыве паэт між намі тут!”. З 4 кастрычніка года па 4 лістапада на адрас музея прыйшло каля 200 работ з усіх рэгіёнаў Беларусі. Дзеці ад 10-ці да 16-ці год у мастацка-вобразнай форме адлюстроўвалі значэнне творчасці класіка нацыянальнай літаратуры для сучаснай моладзі.

Работы ацэньваліся па ўзроставых катэгорыях у трох асноўных намінацыях: “З кожнай мясцінкі зямлі можна пачаць дарогу. Коласу-празаіку”; “Нясуцца зыкі песень здольных. Коласу – паэту”; “Свет бязмежны – мой дом. Коласу – перакладчыку”. Асобныя творы так уразілі прадстаўнічае журы, у склад якога былі запрошаны вядомыя беларускія паэты, пісьменнікі, дзеячы культуры і грамадства, што для шэрагу ўдзельнікаў былі вызначаны персанальныя намінацыі.

На літаратурны конкурс прыйшлі вершы, эсэ, замалёўкі, літаратурная крытыка, сачыненні, пераклады. Дзеці разважалі пра значэнне творчасці Якуба Коласа ў беларускай літаратуры, дзяліліся сваімі ўражаннямі ад прачытаных твораў класіка, спрабавалі свае ўласныя пісьменніцкія сілы.

Сапраўдным падарункам для лаўрэатаў конкурсу і іх настаўнікаў стала магчымасць пабачыць у залах музея “ажыўшую” экспазіцыю, на якой дэманструюцца вузлавыя моманты жыцця і творчасці Якуба Коласа. Перад абвяшчэннем вынікаў творчага спаборніцтва свой талент дарыла народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель, выканаўшы ўрывак з паэмы “Сымон-музыка”.

Дырэктар музея, заслужаны дзеяч культуры Зінаіда Мікалаеўна Камароўская адзначыла, што захоплена творамі ўсіх удзельнікаў конкурсу. Шчырыя ўражанні ад работ юных творцаў выказалі першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Анатольеўна Стэльмах, кіраўнік Мінскага гарадскога аддзялення Міхась Паўлавіч Пазнякоў, вядомыя паэты, землякі Якуба Коласа Дзмітрый Дземідовіч і Яўген Хвалей, мастакі, журналісты і выдаўцы. Яны віншавалі пераможцаў, уручалі падзякі і памятныя падарункі.

Два прызы ўручыў прэс-сакратар Пінскай епархіі іерэй Іаан Гарбуноў. Настаяцель Свята-Параскевінскага храма аг. Альшаны Столінскага раёна нагадаў пра святую праведную дзеву Іуліянію (1550-1566), князёўну Альшанскую, жыццё якой можа стаць прыкладам для юных сучаснікаў, і адзначыў пераможцаў у намінацыі за “Духоўнае ў літаратуры”. Імі прызнаны аўтары вершаў з Гродзенскай вобласці: Маргарыта Карапецян з Крупаўскай СШ Лідскага раёна і Лізавета Ралейнік з Гудзевіцкай СШ Мастоўскага раёна.

Рада адзначыць, што ў ліку 50-ці рэспубліканскіх прызёраў былі і 17 прадстаўнікоў Брэстчыны. Годна выглядала і лунінецкая “выдатная сямёрка”.

У намінацыі “…Коласу – перакладчыку” Дыпломам за 2-ое месца ўзнагароджана Таццяна Курак, выхаванка Мікашэвіцкага цэнтра дзіцячай творчасці. Поспеху асабліва радавалася мама вучаніцы 6 “Б” класа СШ №2, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Майстар слова” ЦДТ Наталля Міхалаўна Курак. І яшчэ дзве творчыя мамы-настаўніцы, безумоўна, садзейнічалі поспеху сваіх дзяцей. Падзякамі музея Якуба Коласа, кнігамі і сувенірамі былі адзначаны 11-класніца Багданаўскай СШ Дар’я Ільючык (Вера Канстанцінаўна Ільючык) – дарэчы, прызёр і мінулагодняга рэспубліканскага конкурсу ў гонар народнага песняра; вучні 6-га класа гімназіі імя У.І. Нядзведскага г. Мікашэвічы Іван Войткус (Вольга Аляксандраўна Войткус), а таксама Паліна Буневіч (настаўніца Таццяна Канстанцінаўна Грэбень). Удзельнікі ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання дзеці і дарослыя прымнажалі радасць урачыстасці ў Доме Коласа.

Паважлівыя прычыны перашкодзілі наведаць сталіцу тром юным лунінчанам, якія таксама адзначаны Падзякамі музея “за крэатыўны падыход у адлюстраванні творчасці Якуба Коласа”. Вучні СШ №1 г. Лунінца Валерыя Юрцэвіч (11-ы клас), Павел Сыцін (9 “Б”) і Мікіта Гнедзька (7 “В”) таксама атрымаюць прызы з Мінска, а радасць узнагарод дзеці прымножаць задавальненнем настаўніц (гэта Ганна Фёдараўна Бірыла, Вера Афанасьеўна Баўкуновіч, Валянціна Фёдараўна Шэўчык).

Хочацца спадзявацца, што здольныя дзеці і надалей захаваюць прагу творчасці, усвядоміўшы, што гэта – найвялікшая радасць жыцця. 

Таццяна КАНАПАЦКАЯ,

член Саюза пісьменнікаў Беларусі, краязнаўца, журналіст.

Фота аўтара.

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси