А з намі памяць пра вайну...


У мінскай сярэдняй школе № 170 адбылася сустрэча з вядомай дзіцячай пісьменніцай Нінай Галіноўскай

11.12.2017                               Новости


Літаратурны праект пад такой назвай быў распрацаваны МГА СПБ у бягучым навучальным годзе і ўжо робіць свае ўпэўненыя крокі па пляцоўках школ і бібліятэк. Так, днямі ў межах узгаданага праекта ў мінскай сярэдняй школе № 170 адбылася сустрэча з вядомай дзіцячай пісьменніцай, лаўрэатам прэмій Васіля Віткі і Янкі Маўра Нінай Галіноўскай, дзяцінства якой было апалена вайной.

Напачатку вядучая імпрэзы супрацоўнік МГА СПБ паэт Іна Мікалаеўна Фралова правяла невялікую тэматычную віктарыну, падрымліваючы правільныя адказы падаруначкамі, прачытала ўласны верш пра спаленую вёску пад час вайны і прадставіла асноўныя звесткі з біяграфіі Ніны Васільеўны Галіноўскай.

Ніна Васільеўна распавяла пра тыя страшэнныя часы, калі вялікая бяда навалілася на краіну. Яе дзіцячыя ўспаміны, тых даўніх падзей, былі яшчэ балючымі і жывымі. Чырвонай рысай праходзіла праз кожны верш, кожны выпадак з яе жыцця –

 няма даравання вайне. Таму і асноўнае пажаданне, з якім паэтэса звярталася да дзяцей неаднаразова, было – беражыце мір. Пасля яна пазнаёміла юных слухачоў з шэрагам новых вершаў, у якіх гучалі тэмы сяброўства, добрых паводзін, адносін да прыроды.

Загадкі, смяшынкі, жарты таксама прыйшліся да густу слухачам. Уразіла юных аматараў і настаўнікаў і выдатная памяць Ніны Васільеўны, неглядзячы на тое, што пісьменніца адсвяткавала свой 80-ці гадовы юбілей, яна ні разу не звярталася на дапамогу да “друкаванай версіі”.

Напрыканцы сутрэчы ўсе жадаючыя (а такіх было шмат) сталі ўладальнікамі паэтычных зборнікаў Ніны Васільеўны “Калі я шчаслівы”, якія падрыхтаваў для іх Выдавецкі дом “Звязда”.

Варта адзначыць, што ў падрыхтоўцы мерапрыемства прымалі актыўны ўдзел настаўніца пачатковых класаў школы № 170 Святлана Пятроўна Ложнікава. Саламяныя кветкі і сувеніры, зробленыя сваімі рукамі, падрыхтаваны цыкл вершаў паэтэсы – упрыгожылі імпрэзу.

Але галоўны вынік сустрэчы – добры настрой і шчырыя ўсмешкі ўсіх яе удзельнікаў.

Алена КАРПЕНКА


 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси