У Гродне прэзентавалі міжнародны літаратурны зборнік «Победили! Перамаглі!»


У Гродне прэзентавалі міжнародны літаратурны зборнік «Победили! Перамаглі!»

30.11.2024                                                          Новости


Экзэмпляр кнігі сістэме гарадскіх бібліятэк горада над Нёманам уручыў адзін з аўтараў калектыўнага выдання, член СПБ, паэт, публіцыст Дзмітрый Радзівончык.

 

 

Гродзенскае знаёмства з міжнародным выданнем, прысвечаным 80-годдзю вызвалення Беларусі і некаторых рэгіёнаў Расіі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, адбылося 28 лістапада ў рамках круглага стала на тэму «Патрыятычнае выхаванне моладзі ў бібліятэках». Тэматычны круглы стол у Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя А. Макаёнка зладзіла адміністрацыя Дзяржаўнай установы культуры «Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма г. Гродна» (дырэктар Кацярына Раманаўна Расіцан). На мерапрыемстве прысутнічалі бібліятэкары, музейшчыкі, гісторыкі-краязнаўцы, апантаныя даследчыкі мінулага, сапраўдныя прафесіяналы, якія сваёй дзейнасцю здолелі максімальна рэалізаваць патрыятычна-выхаваўчы патэнцыял айчыннай гісторыі і культуры.

 

Наш калега па рэспубліканскай пісьменніцкай арганізацыі коратка пазнаёміў аўдыторыю са зместам міжнароднага зборніка паэзіі, прозы і публіцыстыкі «Победили! Перамаглі!», пералічыў усіх, дзякуючы каму пабачыла свет адмысловая кніга-летапіс агульнай Перамогі нашых гераічных продкаў над сіламі цемры.

 

Дзмітрый Радзівончык таксама прадэкламаваў некалькі вершаў вядомага дзіцячага паэта Віктара Кудлачова, аднаго з гродзенскіх аўтараў зборніка. Віктар Сямёнавіч – легендарная постаць; трагічны лёс гэтага вельмі сціплага, але моцнага духам чалавека варты апісання ў асобнай кнізе (і такія кнігі ўжо ёсць). У дзяцінстве цалкам страціўшы зрок ад выбуху фашысцкай міны, Віктар Кудлачоў не толькі не здаўся, а ўсё сваё жыццё дэманструе ўнікальныя жыццялюбства і стойкасць характару. Яго простыя, дасціпныя вершы для дзяцей трапілі на старонкі шматлікіх падручнікаў і навучальных дапаможнікаў. У свае 87 Віктар Сямёнавіч, мужна пераадольваючы хваробы, захоўвае вернасць літаратурнай справе і нашаму Саюзу.

 

 

Дзмітрый Радзівончык у скарачэнні прачытаў уласны публіцыстычны твор – нарыс пра свайго дзеда-франтавіка. Знаёмства з расійска-беларускім літаратурным зборнікам «Победили! Перамаглі!» у Гродне атрымалася цёплым і кранальным. Гучалі шчырыя апладысменты слухачоў, адчувалася іх зацікаўленасць. Кніга нездарма пераадолела няблізкі шлях з Санкт-Пецярбурга ў Гродна. Яе з’яўленне ў горадзе над Нёманам сапраўды стала падзеяй.

 

 

САЮЗ ПІСЬМЕННІКАЎ БЕЛАРУСІ

Гродзенскае абласное аддзяленне

 

www.pisateli.by

 

Яшчэ пра зборнік «Победили! Перамаглі!»:

 

Проект «Победили! Перамаглi» – реализован!

 

Прэзентацыя анталогіі «Победили! Перамаглі!»

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси