Дарагая наша "Алеся"


Дарагая  наша

11.12.2024                                                          Новости


У лістападзе часопісу жанчын Беларусі "Алеся" (былая назва – "Работніца і сялянка") споўнілася 100 гадоў! З гэтай нагоды ў публічнай бібліятэцы № 5 г. Мінска прайшло ўрачыстае пасяджэнне клуба творчых жанчын "Спадарыня".

На пасяджэнне былі запрошаны: Раіса Баравікова – паэтка, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, галоўны рэдактар часопіса "Алеся" ў 2000–2002 гг.; Ларыса Ракоўская – цяперашні галоўны рэдактар выдання, і Ірына Нарбекава – заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, адна з таленавітых беларускіх жанчын, якія былі гераінямі артыкулаў выдання.

Ганаровых гасцей сардэчна вітала старшыня клуба "Спадарыня", пісьменніца Тамара Бунта – галоўны рэдактар часопіса "Алеся" ў 2002–2014 гады.

Юбілей часопіса "АЛЕСЯ" ("Работніца і сялянка") – свята ўсіх жанчын Беларусі. Гэта выданне адыграла вялікую ролю ў жыцці многіх пакаленняў беларусачак. Яго выпісвалі, куплялі ў шапіках, чыталі ў бібліятэках сотні тысяч жанчын. Тысячы з іх на працягу стагоддзя былі пазаштатнымі карэспандэнтамі жаночага часопіса.

Адны дасылалі ў рэдакцыю свае паведамленні і навіны "з месцаў". Другія звярталіся сюды па дапамогу і заўсёды атрымлівалі яе. Трэція друкавалі на старонках часопіса свае вершы, апавяданні, эсэ, казкі.

Большасць сябровак клуба "Спадарыня" неаднойчы друкавалі свае творы ў "Алесі". Для некаторых з іх менавіта тут адбыўся старт у літаратуру. Таму спадарыні з вялікай радасцю адзначалі юбілей любімага выдання.

Удзельніцы свята з цікаўнасцю азнаёміліся з нумарамі сучаснай "Алесі", а таксама з асобнікамі 2000-х, 1990-х і нават 1980-1970-х гадоў, якія захаваліся ў хатніх архівах сябровак клуба "Спадарыня". Сёння гэта ўжо сапраўдныя рарытэты.

З вялікім задавальненнем спадарыні выслухалі цікавыя расповеды госцяў, а потым ім самім захацелася расказаць пра тое, што звязвае іх лёс, жаночы і творчы, з гэтым выдатным выданнем.

І загучалі цёплыя ўспаміны... Пра тое, як ў дзяцінстве чакалі на вёсцы паштальёна, які прыносіў у сваёй сумцы, ажно да брамкі, свежы нумар "Работніцы і сялянкі" і яго чыталі ўсёй сям'ёй, а потым перадавалі суседзям...  Як з радасцю знаходзілі тут цудоўныя апавяданні і нарысы выдатных беларускіх літаратараў і публіцыстаў... Як вучыліся шыць па выкрайках і вязаць па схемах, надрукаваных у часопісным дадатку ддя спраўных гаспадынь...Як аднойчы адважыліся адправіць у рэдакцыю вершы і раптам атрымалі адтуль добры адказ... Як упершыню ўбачылі на старонках выдання ўласныя радкі – невялікую замалёўку або казку, і гэта адразу акрыліла і падштурхнула пісаць яшчэ і яшчэ...

Святочнае пасяджэнне Клуба творчых жанчын "Спадарыня", прысвечанае 100-годдзю часопіса жанчын Беларусі "Алеся", прайшло ва ўзнёслай атмасферы, за кубачкам чаю, з душэўнымі размовамі, прыгожымі вершамі і цудоўнымі беларускімі песнямі. Свята аздобіла выступленне творчага калектыву "Весялуха" (кіраўнік – Яўген Кісялёў), які дзейнічае пры Рэспубліканскім Палацы ветэранаў.

У добры шлях, часопіс "Алеся", у новае сваё стагоддзе!

Таццяна ПЯТРОВА

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси